Круглае: Нарэшце паведамілі пра месцы для агітацыі
У Круглянскай раённай газеце “Сельскае жыццё” ад 20 лістапада нарэшце апублікаваны матэрыял “Где можно агитировать”, з пералікам памяшканняў, выдзеленых для правядзення сустрэч с кандыдатамі і месцаў для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў з кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі. Адпаведнае рашэнне райвыканкама нарэшце з’явілась і на інтэрнэт-сайце Круглянскага раённага выканаўчага камітэта.
Згодна рашэння райвыканкама, у Круглянскім раёне кандыдаты і іх давераныя асобы могуць сустракацца з выбаршчыкамі ў раённым Доме культуры, а таксама ў дамах культуры і клубах у сельскіх населеных пунктах. У якасці месцаў для правядзення перадвыбарнай агітацыі (сходаў па-за памяшканнямі, міынгаў, пікетавання) кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі на тэрыторыі раёна ў гарадскім пасёлку Круглае вызначаны гарадскі стадыён, тэрыторыя каля будынка раённага Дома культуры (вул. Савецкая), тэрыторыя каля будынка магазіна “Мара” (вул. Маладзёжная). У сельскай мясцовасці Круглянскага раёна дазволена агітаваць каля адміністрацыйных будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў.
Рашэнне Круглянскага райвыканкама каментуе давераная асоба Уладзіміра Някляева Зінаіда Мілешчанка:
- Я рада, што нарэшце людзі змаглі даведацца, дзе можна сустрэцца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі ў нашым раёне. Не зразумела толькі, чаму нельга было надрукаваць гэта рашэнне ў газеце раней, бо ў тым жа нумары “Сельскага жыцця” паведамляецца пра тое, што на пасяджэнні ЦВК, якое прайшло 18 лістапада, кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя 10 чалавек. Дзіўна атрымліваецца – кандыдаты зарэгістраваныя 18-га, з гэтага моманту яны ўжо могуць пачынаць перадвыбарчую агітацыю, а ў Круглянскім раёне даведацца з газеты пра магчымыя месцы сустрэч з кандыдатамі і іх даверанымі асобамі можна толькі 20 лістапада.
Што ж датычыцца месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, то на гарадскі стадыён у Круглым людзі ў звычайныя дні амаль не ходзяць. Два іншыя месцы больш прымальныя, але іх таксама не назавеш шматлюднымі. Тое самае датычыцца і месцаў для масавых мерапрыемстваў у сельскіх населеных пунктах. Пагадзіцеся, што людзі ў сельвыканкам ходзяць не кожны дзень і нават не кожны месяц. Таму б нашмат лепей было, каб Круглянскі райвыканкам дазволіў пікетаванне каля магазінаў, куды людзі за прадуктамі ходзяць пастаянна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”