Баранавічы: Давераную асобу Андрэя Саннікава папярэдзілі ў вуснай форме
24 лістапада старшыня Баранавіцкай ТВК Таццяна Латышава выклікала давераную асобу Андрэя Саннікава Віктара Мезяка (на фота) і заявіла, што выносіць яму вуснае папярэджанне. Спецыяльнага пасяджэння ТВК па гэтаму пытанню не было, відавочна, што ініцыятыва зыходзіла ад самой старшыні камісіі. Яна паведаміла, што папярэджанне выносіцца за няправільна аформленую заяўку на правядзенне пікета на Цэнтральнай плошчы каля кінатэатра “Кастрычнік” і за арганізацыю пікета 23 лістапада ў недазволеным месцы. Па словах Латышавай, Цэнтральная плошча і тэрыторыя каля кінатэатра “Кастрычнік” не ўключаны ў пералік месцаў, адведзеных рашэннем гарвыканкама для пікетавання. Заяўка на правядзенне пікета ў цэнтры горада, адзначыла Латышава, павінна падавацца не ў заяўляльнай, а ў дазваляльнай форме, і рашэння па ёй трэба чакаць тры дні.
Віктар Мезяк патлумачыў, што тыя месцы, якія адведзены гарвыканкамам для агітацыі, знаходзяцца ў неспрыяльных месцах, а фактычна ў лесе. А на агітацыю за кандыдатаў адведзена зусім мала часу, таму ён мае намер працягнуць пікетаванне на Цэнтральнай плошчы каля кінатэатра “Кастрычнік”.
Пры гэтай размове старшыні ТВК Таццяны Латышавай і Віктара Мезяка прысутнічаў назіральнік Сяргей Гоўша.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”