Барысаў. ЦВК падтрымала прапанову даверанай асобы апазіцыйнага кандыдата
Цэнтральная камісія па выбарах прызнала, што месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў і пікетаў), якія арганізуюцца кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, у Барысаве выдзелена відавочна недастаткова.
Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Уладзімера Някляева барысаўчанін Міхаіл Васільеў атрымаў адказ ЦВК на сваю скаргу з нагоды недастатковай колькасці месцаў для правядзення сходаў, мітынгаў і пікетаў па-за памяшканнямі. ЦВК пагадзілася з довадамі Васільева.
У адказе № 01-12/В-630, у прыватнасці, гаворыцца: "Улічваючы, што ў Барысаве пражывае каля 200 тысяч чалавек і пяць месцаў, выдзеленых райвыканкамам для правядзення падобных мерапрыемстваў відавочна не дастаткова, ЦВК звярнулася ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт з просьбай даручыць Барысаўскаму райвыканкаму дадаткова вызначыць месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетаў), якія арганізуюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх даверанымі асобамі ".
Міхаіл Васільеў звяртаўся з аналагічнай скаргай і ў Мінскі аблвыканкам. Пакуль адказу адтуль не паступала.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"