Магілёў. У Кастрычніцкім раёне пашырана колькасць месцаў для агітацыі
У Кастрычніцкім раёне г.Магілёва пасля звароту даверанай асобы кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева Аксаны Закрэўскай у Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію з просьбай пашырыць колькасць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў заява была задаволена.
“Я звярнулася ў Кастрычніцкую выбарчую камісію з заявай, у якой прасіла разгледзець нашу просьбу аб павелічэнні колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у Кастрычніцкім раёне горада. Гэта звязана, па-першае, з тым, што ў Кастрычніцкім раёне ўсяго два месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў і знаходзяцца яны на ўскрайках гораду, а па-другое - рашэнне аб пашырэнні колькасці месцаў для агітацыі ўжо было прынята ў Мінску”, - гаворыць Аксана Закрэўская.
Пасля разгляду заявы Кастрычніцкая выбарчая камісія прыняла рашэнне дазволіць правядзенне масавых мерапрыемстваў на дадатковых пляцоўках - каля кінатэатраў “Ветразь” і “Космас”, а таксама каля гандлёвага цэнтру “Прэстан”. Акрамя гэтага дазваляецца праводзіць гэтыя мерапрыемствы на дваравых пляцоўках, абсталяваных для правядзення такіх мерапрыемстваў, а менавіта ў дварах дамоў №№ 21Б і 63 па Пушкінскім праспекце, а таксама ў двары дома № 142 па вуліцы Чалюскінцаў.
Праваабаронца Барыс Бухель з нагоды пашырэння колькасці месцаў для правядзення агітацыі адзначыў, што ўсё роўна іх недастаткова.
“Мы будзем рыхтаваць заяву ў Кастрычніцкую выбарчую камісію, у якой будзем прасіць каб нам акрэслілі спіс месцаў, дзе не дазваляецца праводзіць масавыя мерапрыемствы. Мінская гарадская выбарчая камісія дзейнічала ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Наша ж камісія вырашыла скарыстацца прынцыпам “забаронена ўсё, што не вызначана”, што не адпавядае прынцыпу дэмакратыі, калі дазваляецца ўсё і агучваецца тое, што забаронена. У любым выпадку колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў недастаткова”, - гаворыць праваабаронца.
Нагадаем, што дагэтуль для правядзення масавых мерапрыемстваў у Кастрычніцкім раёне горада фігуравала ўсяго дзве пляцоўкі – адкрытая эстрадная пляцоўка Дома культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя Кірава – філіал “БелАЗ” (вул.Аўтазаводзкая,1) і пляцоўка перад дзяржаўнай установай культуры “Палац культуры вобласці” (пр-т Пушкінскі, 1).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”