Слуцк. Месцаў для агітацыі паболела
Слуцкі райвыканкам 23 лістапада ўнёс змяненні ў рашэнне, якое тычыцца месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў для перадвыбарчай агітацыі. Нагадаем, што раней адзіным месцам для агітацыі ў Слуцку быў гарадскі стадыён.
Зараз агітаваць можна на стадыёнах чатырох устаноў адукацыі. Акрамя таго, праводзіць перадвыбарчую агітацыю можна на шасці пляцоўках ля ўстаноў культуры ў розных мікрараёнах горада. Адным з самых удалых месцаў для агітацыі можна назваць пляцоўку ля цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая размешчана ў цэнтры Слуцка, недалёка ад райвыканкама.
За некалькі дзён да ўнясення змяненняў у рашэнне выканкама, 18 лістапада, у Цэнтрвыбаркам была накіравана скарга Віталя Амяльковіча, сябры РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт", назіральніка пры Слуцкай раённай выбарчай камісіі. Праваабаронца настойваў, што гарадскі стадыён не павінен быць адзіным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай перадвыбарчай агітацыі. «Гарадзкі стадыён, можа быць, і зручны для агітацыі, але гэтага недастаткова, - гаварылася ў звароце на імя Лідзіі Ярмошынай. - Прынятае рашэнне істотна звужае магчымасці правядзення агітацыйных мерапрыемстваў і парушае правы выбаршчыкаў на агітацыю, свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі ». Назіральнік звярнуўся ў ЦВК з просьбай абавязаць райвыканкам прыняць новае рашэнне, якое забяспечвае рэалізацыю выбарчых правоў случчакоў. Адказу з Цэнтрвыбаркама Віталь Амяльковіч пакуль не атрымаў.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»