Маладэчна: Абвестка пра сустрэчу з кандыдатам – сярод вакансій
Нарэшце ў маладэчанскай афіцыйнай прэсе ўзгадалі пра існаванне іншых, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, кандыдатаў. На першай старонцы напісалі пра парушэнне закону Мікалаем Статкевічам і Віталем Рымашэўскім. На пятнаццатай, ва ўкладышы з абвесткамі, – пра сустрэчу з кандыдатам Яраславам Раманчуком.
У суботнім нумары “Маладзечанскай газеты” на першай старонцы надрукаваны артыкул пад назвай “Папярэджаны кандыдаты”. Увагу чытачоў адразу прыцягвае вылучэнне тлустым шрыфтам: “Генпракуратура накіравала ў ЦВК копіі папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння закона, якія былі вынесены кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму”. Гэты артыкул размешчаны акурат пад матэрыялам “Абараніць інтарэсы краіны”, прысвечаным Аляксандру Лукашэнку.
Абвестку пра сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Яраславам Раманчуком наогул заўважыць вельмі цяжка. Яна надрукавана на пятнаццатай старонцы, пад аб’явамі аб наяўнасці вакансій на прадпрыемствах. Як распавёў праваабаронца Алесь Капуцкі, ён прапаноўваў знаёмым знайсці ў газеце абвестку пра сустрэчу з кандыдатам. З першага раза яе ніхто не заўважаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”