Паўла Севярынца сустрэлі правакацыйнымі пытаннямі
Павел Севярынец, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, сустракаецца з выбаршчыкамі Віцебшчыны. 1 снежня ён выступаў у Глыбокім, Паставах і Міёрах. Дзьве сустрэчы прайшлі адносна спакойна, але ў пастаўскім Доме культуры мясцовыя чыноўнікі паспрабавалі ўчыніць абструкцыю кіраўніку штаба В.Рымашэўскага.
Як распавёў Павел Севярынец, у Паставах на сустрэчу сабралася каля паўсотні чалавек – гэтаксама, як і ў Глыбокім. У Міёрах сустрэча адбывалася вечарам, і таму людзей сабралася болей. Але толькі ў Паставах на агітацыйны сход прыйшлі людзі, якія мэтанакіравана спрабавалі сарваць імпрэзу.
Да прыкладу, супрацоўніца цэнтру пазашкольнай адукацыі заявіла, што настаўнікі цяпер атрымліваюць больш як мільён рублёў заробку, і не трэба іх шкадаваць. Выказванне чыноўніцы выклікала абурэнне прысутных. Але тыя, хто вырашыў наладзіць сварку ў залі, не сунімаліся: слова ўзяў загадчык ідэалагічнага аддзелу. Ён заявіў, што БХД нагадвае яму нейкую падобную структуру ў фашысцкай Германіі, і што не трэба абіраць прэзідэнтам прадстаўніка такой партыі.
Павел Севярынец кажа, што з падобнымі правакацыямі сутыкацца даводзілася і раней, таму ён даўно навучыўся не губляцца ў крытычных сітуацыях. Але выразна відаць, што ў некаторых райцэнтрах на сходы дасылаюць адмыслова падрыхтаваныя “кадры”, каб сустрэчу з апазіцыйным кандыдатам або даверанымі асобамі ператварыць у скандал і не даць магчымасці звычайным цікаўным жыхарам задаць свае пытанні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”