viasna on patreon

Ідэалагічная праца "вертыкалі" ўзмацнілася

2010 2010-12-02T12:30:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/idealohija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У апошнія некалькі тыдняў значна ўзрасла ідэалагічная дзейнасць салігорскай "вертыкалі". Усплеск актыўнасці “дзіўным чынам” супаў са стартам агітацыйнага этапу выбараў Прэзідэнта.

Ідэалагічны аддзел выканкаму правёў шэраг так званых нарадаў "па пытаннях ідэалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта" з адказнымі за ідэалагічную працу кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёну. Як сцвярджае Салігорскі тэлевізійны тэлеканал, адну з такіх нарадаў у канцы лістапада праводзілі выкладчыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ, якія "перадавалі ідэолагам раёна веды па прамоўніцкім майстэрстве, абмяркоўваючы асаблівасці маючай адбыцца палітычнай падзеі".

Варта адзначыць актыўны рост колькасці, як асабістых так і ў межах штучных мерапрыемстваў, сустрэчаў кіраўніцтва раёну з прадстаўнікамі розных групаў насельніцтва рэгіёну. Прыкладам, 29 лістапада адбыўся рэгіянальны бацькоўскі сход на якім прысутнічала ажно 700 чалавек, дзе акцэнтавалася ўвага на дасягненнях і поспехах у сферы адукацыі. 30 лістапада старшыня Салігорскага райвыканкаму сустракаўся з жыхарамі мікрараёну ЖЭС №9, дзе распавёў пра грандыёзныя пэрспэктывы развіцця гораду ў цэлым і будаўніцтва жылля ў прыватнасці. Усе сустрэчы суправаджаюцца ўсхваленнем дасягненняў дзеючага кіраўніцтва краіны за апошнія пяць год і расповядамі пра амбітныя планы на наступную пяцігодку.

Гэтыя падзеі актыўна асвятляюцца мясцовымі дзяржаўнымі СМІ. Агулам, аналіз інфармацыйных матэрыялаў у раённых сродках масавай інфармацыі паказвае значнае павелічэнне матэрыялаў аб дасягненнях у народнай гаспадарцы за апошнія пяць год. "Вельмі шмат ужо зроблена, але яшчэ больш трэба зрабіць", - тыповы журналісцкі штамп апошніх тыдняў у дзяржаўных СМІ. Любыя негатыўныя рэгіянальныя здарэнні раённымі дзяржмедыя аператыўна каментуюцца ў ідэалагічна правільным рэчышчы, як гэта адбылося са скандальнай вырубкай салігорскай лесапаркавай зоны пад будаўніцтва элітнага жылля. 

У сувязі з гэтым, прадстаўнікі ўсіх мясцовых штабоў незалежных кандыдатаў адназначна заяўляюць пра выкарыстанне мацнейшага адміністратыўнага рэсурсу і прыхаваную агітацыю за кандыдата А.Лукашэнку ў салігорскім рэгіёне. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства