Назіральнікаў на выбарах у Ганцавічах пасадзілі каля туалета
Па наказ прэзідэнта, які завяраў, што гэтыя выбары будуць “самыя чэсныя і празрыстыя” у Ганцавічах забыліся ўжо на другі дзень датэрміновага галасавання, піша "Ганцавіцкі час". На выбарчым участку №4, які знаходзіцца ў ГДК, члены выбарчай камісіі выдалілі назіральнікаў з памяшкання для галасавання, і пасадзілі іх у калідоры каля туалета.
У першы дзень галасавання ніякіх праблем не было, і яны сядзелі, як і вызначана выбарчым заканадаўствам, у памяўшканні для галасавання. У сераду, 15 снежня, двое назіральнікаў, якіх вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў, маглі сачыць за тым, як праходзіць датэрміновае галасаванне, толькі праз праём дзвярэй. “Зараз мы нічога практычна не бачым, як выдаюцца бюллетэні, скрыня для галасавання таксама не ў полі зроку, і што туды кідаюць і колькі мы не ў стане”, - сказала адна назіральнікаў Галіна Канінец. – Затое бачым усіх, хто ходзіць у туалет.
Як высветліў журналіст “ГЧ”, выдалілі іх без прычыны. Ніякіх заўваг у членаў камісіі да назіральнікаў не было. Старшыня ўчастковай камісіі Валерый Русакевіч, адказаў “ГЧ”, што ў тым памяшканні цесна і яшчэ нехта з прагаласаваўшых паскардзіўся, што праз шчыліну ў кабіне для галасавання назіральнікі маглі бачыць за каго яны галасавалі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"