viasna on patreon

Затрыманне кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага: он-лайн рэпартаж

2010 2010-12-18T08:06:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rynasheuski.jpg

Віталь Рымашэўскі ператрываў блакаду аўтамабіля і даехаў да офісу. Машына ДАІ стаіць на ўездзе ў двор. На іншым баку вуліцы дзяжураць людзі ў цывільным. (ВІДЭА І ФОТА З ЗАТРЫМАННЯ)

00:08 Рымашэўскі з камандай на офісе. Праваахоўнікі адступілі: машына ДАІ, якая суправаджала аўто Рымашэўскага ад месца блакады, змянілася на іншую.  Да людзей у цывільным далучыўся намеснік начальніка ГУЎС Мінгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў. Пасля кароткай размовы з Рымашэўскім ён абяцае, што сёння нікога чапаць не будуць і "можна адпачываць". Людзі ў цывільным перабіраюцца на іншы бок вуліцы.

23:50 Кандыдат і яго давераныя асобы даехалі да офіса. Выгружаюць з аўта ўлёткі. Машына ДАІ спынілася на ўездзе, да яе далучылася аўта з чалавекам у скураной куртцы, які кіраваў затрыманнем Рымашэўскага. 

23:36 Аўта Рымашэўскага выпусцілі з ачаплення. Але супрацоўнікі ДАІ едуць за машынай кандыдата. Кандыдат кіруецца на офіс.

Віталь Рымашэўскі: "Апроч як клаўнадай гэта ніяк назваць нельга. Вось такія ў нас выбары. Калі ў нейкіх еўрапейскіх палітыкаў хопіць цынізму прызнаць гэтыя выбары ці казаць пра нейкія там паляпшэнні, гэта будзе па-за каментарамі". 

Аўто кандыдата ўехала ў двор будынку, дзе знаходзіцца офіс. ДАІ заехала за імі. 

 

23:20 Адзін міліцыянт перадаў іншаму, што засталося яшчэ 10 хвілін. Аўта Рымашэўскага блакуюць ужо 4 машыны.

Даішнік патрабуе ад кандыдата выйсці, Рымашэўскі адмаўляецца. Асоба ў скураной куртцы, меркавана, начальнік ДАІ, падыйшоў да супрацоўніка і сказаў: "Адпускайце". Машыны, якія блакуюць аўтамабіль Рымашэўскага, паволі ад'яжджаюць.

23:15 Кандыдат праз мегафон распавядае, што адбывалося, такім чынам намагаючыся прыцягнуць увагу мінакоў ды кіроўцаў. Людзі спыняюцца. Кіроўцы сігналяць.

У гэтыя хвіліны давераныя асобы выцягваюць вуды, каб разгарнуць сцягі. Яны выйшлі на вуліцу Аэрадромную, калі машынам запалілася чырвонае святло.

23:07 Рымашэўскаму не даюць выехаць з блакады ДАІ. Яго заблакавалі яшчэ 2 дадатковыя машыны.Праваахоўнікі ўсцяж не адказваюць ні на пытанні кандыдата, ні на пытанні журналістаў. Заблакаваныя таксама ўладальнікаў аўтамабіляў у гаражах, да якіх адканваіравалі кандыдата.

Сябры Віталя Рымашэўскага высветлілі прозвішча аднаго з супрацоўнікаў ДАІ: Майкоў — і папрасілі яго патлумачыць, чаму перакрытая дарога. 

23:00 Аўтамабіль з Віталём Рымашэўскім паспяхова выбіраецца з-за машыны ДАІ, што блакуе яго.

22:54 Начальнік Кастрычніцкага ДАІ, адказны за затрыманне Рымашэўскага, адмаўляецца адказваць на пытанні журналіста Еўрарадыё. Віталь Рымашэўскі спрабуе аб'ехаць блакіроўку. ДАІ пакуль не перашкаджае.

22:46 Кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і ягоныя давераныя асобы ўсцяж заблакаваныя ў аўце. Інфармацыя пра тое, што іх адвезлі ў міліцыю Кастрычніцкага раёну, якая з'явілася ў шэрагу медыяў, не падцвердзілася. Кандыдату ўсцяж не тлумачаць прычыны, па якіх трымаюць. 

Віталь Рымашэўскі: "Гэта дэманстрацыя таго беззаконня, якое адбываецца. Я выклікаў міліцыю. Тут людзі з аўтаматамі, якія не прадстаўляюцца. Можа быць нават пагроза жыцця. Ніякай рэакцыі. Адзіная надзея на незалежную прэсу. Вашыя карэспандэнты ўжо на месцы. Дзякуй!"

22:02 Пра факт затрымання ў наўпроставым эфіры паведаміў сам кандыдат. 

Віталь Рымашэўскі: "Зараз я з 2 маімі даверанымі асобамі: Дзянісам Садоўскім і Змітром Шурхаем, заблакаваны ў машыне. Вакол людзі з аўтаматамі і ў штатскім. Спачатку адзін супрацоўнік ДАІ прадставіўся, сказаў, што нібыта машына прыпаркаваная не там, потым -- што нібыта гэтае аўта ўгнанае, хаця гэта аўта Дзяніса Садоўскаuf, які ў машыне. Заблакавалі з усіх бакоў машынамі ДАІ, а таксама проста міліцэйскімі машынамі, якіх тут восемь. Прыехаў аўтазак. Людзі з аўтаматамі вакол нас. Ніхто нам не прадставіўся. Я тэлефанаваў 102, ніякай рэакцыі".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства