Мазыр: Галасаванне з кіно, канцэртам і камуналкай
У Мазыры вялікую відовішчную праграму ў дзень выбараў рыхтуе ўчастак №17, які месціцца ў школе №5 – на зайздрасць прагаласаваўшым датэрмінова.
Акрамя канцэртаў, якія выбаршчыкам пакажуць установы культуры горада, на выбарчым участку №17 можна будзе паглядзець кіно, якое прадэманструе “Мазыркінавідэапракат”. Таксама на ўчастку можна будзе паглядзець выставы кніг і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў школы, падсілкавацца ў сталоўцы.
Калі выбаршчыкам няма часу хадзіць на пошту, можна прама на ўчастку падпісацца на перыёдыку альбо купіць газеты. Асабліва цікавымі будуць апошнія нумары “Жыцця Палесся” з агітацыяй за дзейнага прэзідэнта.
Да абеду будзе працаваць бяспройгрышная латарэя, напэўна, названая так у гонар выбараў-2010. Прыцягнуць ўвагу выбаршчыкаў мусяць і дзве акцыі “За здаровую нацыю” і “Малады выбаршчык”. На апошняй нават будуць “чествовать молодых избирателей”. Цікава, як гэта будзе выглядаць?
Арганізатары палічылі, што асаблівую ўвагу выбаршчыкаў можа прыцягнуць кансультацыя спецыяліста "Райжылкамунгасу". І тут ёсць рызыка – выбаршчыкі могуць ператварыць дзень выбараў у дзень незадаволенасці працай гэтай службы. Бо пытанняў, гледзячы па чэргах на прыёме ў райвыканкаме да старшыні Уладзіміра Дворніка, у грамадзян шмат. Напэўна, гараджане захочуць спытаць, чаму дагэтуль не працуе каналізацыя па вул. Заслонава і Бумажкова ў Мазыры? Ці запусцяць яе да вясны? Ці будуць па вясне адбіваць новы асфальт і шукаць замураваныя каналізацыйныя люкі?
Аднак ёсць альтэрнатыва - на гэты ж час прызначаны паказальныя выступы каратыстаў. Напэўна, кажучы жартам, асабліва гаманлівых “вырубяць” на месцы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”