І ў Віцебску агітуюць галасаваць за кандыдата №2
Да “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” трапіў узор бюлетэня, размешчанага на выбарчых участках у Першамайскім раёне. На думку праваабаронцы Паўла Левінава, гэта “падказка, як трэба прагаласаваць правільна”.
Паводле ўзору бюлетэня, размешчанага ў кабінках для галасавання, “птушачка”стаіць насупраць кандыдата па прозвішчы Леаненка, і гэта другі кандыдат ў пераліку іншых.
- На гэтых выбарах другім у спісе прэтэндэнтаў ідзе дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, - тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў. – І прозвішча “Леаненка” – сугучнае. Я памятаю, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах “птушачка” ва ўзоры для галасавання стаяла насупраць трэцяга ў пераліку кандыдата, і ў сапраўдных бюлетэнях трэцім было прозвішча Аляксандра Лукашэнкі.
Павел Левінаў мяркуе, што сёлетні ўзор бюлетэня – гэта таксама падказка, як трэба “правільна” галасаваць:
- Бывае так, што людзі, асабліва паважнага ўзросту, наўпрост пытаюцца ў камісіі, як трэба запаўняць бюлетэнь. І камісіі застаецца толькі сказаць: “Праходзьце ў кабінку, там ёсць узор, і галасуйце, як там паказана”.
Фота: Узор запаўнення бюлетэня для выбаршчыкаў Першамайскага раёна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”