Салігорск: Назіральнікі фіксуюць парушэнні
Незележныя назіральнікі з Салігорcку штодня паведамляюць пра парушэнні выбарчых нормаў на участках для галасавання.
Па-ранейшаму працягваецца арганізаванае датэрміновае галасаванне жыхароў гораду. 17-га снежня на 13-м участку назіралася далейшае прымусовае галасаванне студэнтаў Салігорскага горна-хімічнага каледжу. На ўчастку №14 арганізавана галасуюць выбаршчыкі, якія пражываюць у інтэрнатах па вуліцы Заслонава, 55, 57, 59 і 61.
Практычна ўсе назіральнікі фіксуюць знаходжанне ў кабінах для галасавання некарэктнага ўзору бюлетэня:
- Прозвішчы ў ім замененыныя, але ж галачка стаіць насупраць другой пазіцыі. Акурат другі радок у арыгінальным бюлетэні займае прозвішча Лукашэнкі. Часта людзі сталага веку запытваюцца, каб ім патлумачылі, як правільна галасаваць, на што атрымліваюць двухсэнсоўны адказ - глядзіце ўзор у кабінцы.
Сярод ужо тыповых парушэнняў - знаходжанне ў кабіне для галасавання адразу некалькіх выбаршчыкаў. А на ўчастку №14 пайшлі далей і да выбаршчыкаў у кабінкі пачалі заходзіць сябры камісіі. На гэтым жа ўчастку 17 снежня быў зафіксаваны факт працы камісіі па-за афіцыйным часам. Пасля перапынку ў 15:55 назіральнік прыбыў на ўчастак і выявіў, што камісія ўжо пачала працу і ў памяшканні актыўна ідзе працэс галасавання.
Назіральнікі адзначаюць, што старшыні і сакратары камісій вельмі неахвотна прымаюць заявы з выяўленымі парушэннямі, а калі прымаюць, дык часта разглядаюць не калегіяльна. У прыватнасці, назіральнікі БХК Л.Лобан і А.Ермаковіч на сваю заяву ва ўчастковую камісію №9 атрымалі пісьмовы нематываваны адказ, разгледжаны сакратаром камісіі аднаасобна.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"