viasna on patreon

Сустрэчы з даверанай асобай Лукашэнкі “губернатарам” Руднікам – не для ўсіх

2010 2010-12-19T09:59:37+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rudnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жадаючыя патрапіць на сустрэчу з даверанай асобай кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і адначасова старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту Пятром Руднікам даведваюцца аб сустрэчы толькі пасля таго, як яна адбываецца. На сустрэчы ж з ім па разнарадцы заганяюць цэлыя залы, але тыя, хто хацеў бы патрапіць на яе, каб задаць пытанні, пазбаўлены гэтай магчымасці.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы, грамадскія актывісты і давераныя асобы дэмакратычных кандыдатаў у Прэзідэнты.

“У суботу 18 снежня ў 10-00 раніцы ў Палацы культуры Чыгуначнікаў павінна была адбыцца сустрэча з даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Пятром Руднікам, аднак яна адбылася ў пятніцу 17 снежня каля абеду. Пра тое, што сустрэча адбылася раней на дзень, я даведаўся толькі пасля яе. Тым не менш, першапачаткова ў адной з мясцовых газет была размешчана інфармацыя аб сустрэчы ў суботу. Аб тым, што яна была перанесена, газета надрукавала інфармацыю тады, калі сустрэча ўжо адбылася”, - гаворыць давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Ўладзіміра Някляева Ігар Каваленка.  

“Пётр Руднік хаваецца ад людзей, якія хочуць задаваць яму палітычна вострыя пытанні – пра развіццё вобласці, пра адмену льгот, пра праграму Лукашэнкі і г.д. Раней, я таксама спрабаваў патрапіць на адну з такіх сустрэч, але месца правядзення такой сустрэчы па-просту ўтойвалі ад народу як сябры абласной выбарчай камісіі, так і прадстаўнікі мясцовай улады”, - працягвае Ігар Каваленка.

Не патрапіў на гэтую сустрэчу таксама і актывіст Аляксей Паўлоўскі.

“Я падрыхтаваў цэлы шэраг пытанняў да кіраўніка вобласці, якія датычыліся і кандыдата Лукашэнкі, але так і не здолеў іх задаць, бо з-за таго, што перанеслі сустрэчу і позна пра яе паведамілі я не здолеў на ёй прысутнічаць, хаця падрыхтаваў да “губернатара” цэлы зварот”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што гэтыя факты сведчаць пра тое, што прадстаўнікі ўлады хаваюцца ад дэмакратаў – даюць хлуслівую інфармацыю аб сустрэчах, а самі праводзяць сустрэчы ў іншых месцах.

“Праваабронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства