Віцебск: З участкаў пачалі выдаляць незалежных назіральнікаў
Ужо ў 8.40 раніцы 19 снежня назіральніцы Антаніне Піванос уручылі акт, дзе было напісана, што яна правакуе канфліктныя сітуацыі, і яе выдаляюць з участка.
Паводле А. Піванос, яна толькі звярнула ўвагу камісіі на тое, што па ўчастку для галасавання ходзіць дырэктар школы №11, у якой месціцца выбарчы ўчастак, – пабочная асоба падчас выбарчага працэсу:
-- Да стала назіральнікаў члены камісіі падбеглі з крыкам, пачалі мяне пераконваць, што, маўляў, кіраўнікі ўстановаў мусяць спрыяць правядзеньню выбараў, і гэта запісана ў выбарчым заканадаўстве. Якім чынам дырэктарка школы спрыяла правядзенню выбараў на ўчастку №20, мне не патлумачалі – толькі ўручылі акт, што выдаляюць з участка. Хаця гучна скандаліла не я, а камісія, якая ўзняла крык.
Спадарыня Піванос была назіральніцай яшчэ ад пачатку датэрміновага галасавання. І зафіксавала некалькі парушэнняў на ўчастку. У прыватнасці пра тое, што ў памяшканні для галасавання ўвесь час знаходзіліся людзі, якія не маюць дачынення да выбараў – настаўнікі і школьная адміністрацыя.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”