Свіслач: Мясцовы “вертыкальшчык” пагражае незалежнаму назіральніку
З раніцы 19 снежня на Гагарынскі выбарчы ўчастак №3 г. Свіслачы з’явіўся прадстаўнік мясцовага райвыканкаму – начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Уладзімір Боўфалік. Паклікаўшы незалежнага назіральніка Анатоля Валюка, ён пагражаў яму “разборкамі” пасля заканчэння выбараў.
Раней грамадска-палітычны актывіст Анатоль Валюк, сябра Партыі БНФ, за апошнія гады неаднаразова пераследаваўся мясцовымі ўладамі, затрымліваўся міліцыяй, некалькі разоў быў засуджаны да адміністратыўнага арышту, яго таксама збівалі невядомыя. І вось новыя пагрозы. Такія паводзіны свіслацкага “вертыкальшчыка” Уладзіміра Боўфаліка выразна сведчаць пра тое, што ўлада зусім адвыкла жыць паводле заканадаўства і цывілізаваных нормаў.
А між тым іншы незалежны назіральнік з Свіслачы Віктар Дзесяцік, сябра Партыі БСДГ, адзначае несупадзенне афіцыйных вынікаў колькасці датэрмінова прагаласаваўшых па Гагарынскім выбарчым участку №3 (328 чалавек) з падлікам назіральнікаў (240 чалавек). Віктар Дзесяцік не сцвярджае пакуль факт фальсіфікацыі, але такое разыходжанне рэзонна падаецца яму вельмі падазроным.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”