Слуцк: Камісія не прызнала парушэнні выбарчага заканадаўства
Назіральнікі Дзяніс і Юлія Балакіры, якія зафіксавалі факт, калі адзін выбаршчык прагаласаваў на ўчастку № 12 двойчы, звярнуліся ў Слуцкую раённую выбарчую камісію. Участковая камісія не прызнала парушэнні заканадаўства.
«Пасля нашага звароту ў часопісе камісіі з'явілася заява назіральнікаў ад БРСМ, якія сцвярджаюць, што парушэнняў выбарчага заканадаўства 15 снежня зафіксавана не было», - растлумачыў Дзяніс Балакір.
«Дзіўна, але назіральнікі ад БРСМ у гэты дзень на ўчастку не з'яўляліся», - дадала Юлія Балакір.
Нагадаем, што 15 снежня настаўніца Слуцкай школы № 8 Ірына Янголенка двойчы прагаласавала на дадзеным участку.
Назіральнікам АБСЕ сябры камісіі патлумачылі, што выбаршчык галасавала адзін раз, а наведвала ўчастак двойчы. У гэты час сайт раённай газеты «Слуцкі край» sk.by 18 снежня рапартаваў аб тым, што парушэнняў у ходзе датэрміновага галасавання не выяўлена. «У прыватнасці гэта пацвердзілі назіральнікі ад грамадскіх аб'яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Белая Русь”, - піша выданне. Меркаваннем назіральнікаў ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта або ад грамадзян журналісты "раёнкі" не пацікавіліся.
в"Праваабаронцы за свабодныя выбары"