Бабруйск: Назіральнікам адмаўляюць у інфармацыі
Назіральнік Анатоль Санаценка, які працуе на ўчастку № 40 Бабруйска і Аляксандр Леаненка, які назірае на ўчастку № 6 у вёсцы Вішнёўка Бабруйскага раёна, не могуць атрымаць ніякай інфармацыі. Сябры камісій не даюць ім звесткі аб колькасці выбаршчыкаў і спісе людзей, якія маюць патрэбу прагаласаваць на даму.
А назіральнік па выбарчаму ўчастку № 45 Алесь Сушчэўскі здзіўляецца колькасці дробных парушэнняў, на якія сябры ўчастковай камісіі “закрываюць вочы”.
- Людзі масава заходзяць у кабінкі для галасавання па два чалавекі. Таксама з’яўляюцца асобы, якія пачынаюць на ўчастку агітаваць за Лукашэнку, і сябры камісій звяртаюць на гэта ўвагу толькі пасля некалькіх хвілін іх “дзейнасці”.
Назіральнік ад БХК Андрэй Падаляк, які працуе на выбарчым участку № 32, таксама паведамляе пра парушэнні.
- Учора скрыню для датэрміновага галасавання на маім участку схавалі ў сейф, а сёння не дасталі, - распавядае Андрэй. – І гэта негледзячы на тое, што скрыні для галасавання, у тым ліку для датэрміновага, павінны пастаянна знаходзіцца ў полі зроку. Да таго ж яшчэ ўчора мне падалося, што ўрна для датэрміновага галасавання запячатана ненадзейна, але падыйсці бліжэй і упэўніцца, што з ёй усё нармальна, мне не дазволілі. Таксама назіральнік расказаў, што з раніцы яму не дазволілі ўбачыць кабінкі для галасавання.
Але найбольш адзначылася ўчастковая камісія з вёскі Саломенка Бабруйскага раёна. Жыхары гэтай вёскі распавялі бабруйскім праваабаронцам, што яны прагаласавалі яшчэ 14-15 снежня. Сябры камісіі прайшліся па дамах з вынаснымі урнамі, і саламчукі аддалі свае галасы. Па закону ж галасаванне па месцы жыхарства выбаршчыкаў дапускаецца толькі ў дзень галасавання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”