БТ шукае лаяльных назіральнікаў для свайго рэпартажу
У Мінскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію патэлефанавалі з Першага нацыянальнага канала з просьбай прадставіць спісы нацыянальных назіральнікаў за выбарамі.
Аляксей Сігаеў, сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі, які дзяжурыў на тэлефоне, растлумачыў, што адзіных спісаў не існуе, паколькі назіральнікі вылучаюцца і ад партый, і ад грамадскіх аб'яднанняў, і ад грамадзян.
- Спачатку тэлефанаваўшы Алег Зяновіч хацеў пачуць старшыню камісіі Ігара Карпенку, - распавёў Аляксей Сігаеў. - Затым, даведаўшыся, што адзіных спісаў назіральнікаў не існуе, папрасіў мяне падказаць, на якія выбарчыя ўчасткі ён можа пад'ехаць, каб сустрэцца з некалькімі нармальнымі (лаяльнымі) назіральнікамі, якія не сказалі б лішняга ў момант рэпартажу.
Як відаць, без папярэдняй падрыхтоўкі "глебы" дзяржаўным СМІ падчас гэтай выбарчай кампаніі працаваць складана.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"