Мінск: На ўчастку № 104 выбаршчыкі масава даведваліся, што яны “прагаласавалі” датэрмінова
У Маскоўскім раёне Мінска на 104-м участку для галасавання, што месціца ў школе № 206 па вуліцы Рафіева, выпадкаў, калі падрабляюцца подпісы выбаршчыкаў, якія нібыта “прагаласавалі” датэрмінова, цягам дня станавілася ўсё больш. Калі напачатку людзі проста “перагаласоўвалі” пасля перапрашэнняў камісіі і занясення іх у дадатковы спіс, то пазней некаторыя сталі дамагацца фіксавання парушэнняў.
Напрыклад, жыхар мікрараёна Малінаўка Віталь Макаравіч запрасіў прысутных на ўчастку назіральнікаў і дамогся, каб быў складзены акт аб падробцы яго подпісу. Вось што ён распавёў:
“Калі 19 снежня я прыйшоў галасаваць, то ў кнізе ўліку выбаршчыкаў на радку са сваім прозвішчам пабачыў невядома чый подпіс. Я не зразумеў, як такое магло быць, каб камісія камусьці дазволіла за мяне распісвацца ў дакуменце. Подпіс быў датаваны 17-м снежня. Я даведаўся, што, аказваецца, у гэты дзень нібыта ўжо прагаласаваў датэрмінова.
Што адбываецца, чаму? Я быў вельмі здзіўлены. Адказу ад старшыні камісіі я так і не пачуў. Нічога не змаглі сказаць і сябры камісіі. Тлумачэнні іх былі цалкам незразумелымі.
Мяне запісалі ў канцы спіса ад рукі. Я атрымаў бюлетэнь і прагаласаваў. Але пытанні засталіся: няўжо камісія, кая мае звесткі пра ўсіх выбаршчыкаў, прапісаных на участку, уключна з нумарамі пашпартоў, вось так проста можа дазволіць распісацца за нас невядома каму?!
Я запрасіў назіральнікаў, рстлумачыў ім сітуацыю і склаў акт, дзе зафіксаваў гэтую гісторыю. Пазней мне пазваніў сусед па дому і сказаў, што дакладна такая ж гісторыя здарылася з яго жонкай, і падроблены подпіс таксама прастаўлены 17 снежня. Я параіў суседу схадзіць разам з жонкай на ўчастак і таксама скласці акт і зафіксаваць парушэнне заканадаўства.
Што робіцца? Там жа не дзеці сядзяць з дзіцячага садка. У камісіях знаходзяцца дарослыя людзі. Чаму яны на гэта ідуць? Ім што, гэтак галасоў не хапае?”
Віталь Макаравіч, аднак, не ўпэўнены, што частку галасоў жыхароў яго мікрараёна не палічаць двойчы.
Падобную ж гісторыю распавёў іншы выбаршчык таго ж самага ўчастка – Алег.
“Мы не галасавалі датэрмінова, як нам тое спрабавалі абвесціць. Мы склалі пра гэта акты, усяго тры акты па кожным такім выпадку, і перадалі іх копіі незалежным назіральнікам. Я напісаў заяву на імя старшыні камісіі і прасачыў, каб яе зарэгістравалі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”