Старшыня Еўрапарламента выступіў з заявай адносна падзеяў у Менску
Па атрыманні звестак аб тым, што кандыдат ад апазіцыі на пост прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў быў збіты на шляху да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Менску, старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузек выступіў з заявай.
"Гэта маладушны напад на безабароннага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі абуральны і ганебны. Я ў шоку пасля таго, як даведаўся з паказанняў сведак, якія паведамілі СМІ, што Уладзімір Някляеў быў зьбіты міліцыяй” – адзначаецца ў прэс-рэлізе старшыні Еўрапарламента.
Такі тып паводзінаў беларускай улады “з'яўляецца непрымальным для міжнароднай супольнасці”, адзначыў старшыня Еўрапарламента. “Я патрабую ад прэзідэнта Лукашэнкі, каб ён неадкладна спыніў усе паліцэйскія сілы ад выканання такіх дзеянняў, і пакараў усіх тых, хто іх ажыццяўляў” – перадае прэс-служба Еўрапарламента словы Е. Бузека.
“Гэты інцыдэнт паказвае ў горшым святле прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся сёння ў Беларусі. Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць дэмакратычнай краіны. Я выказваю глыбокую павагу да ўсіх тых, хто змагаецца мірнымі сродкамі, як і Ул. Някляў. Я жадаю яму хутчэйшага і поўнага выздараўлення", – заявіў Е. Бузек.