Кіраўнік брытанскага МЗС заклікае паведаміць, дзе знаходзіцца Някляеў
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Уільям Хейг заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх затрыманых у ходзе несанкцыянаванай акцыі ў Мінску вечарам 19 снежня і пачаць дыялог з беларускай апазіцыяй. Заяву распаўсюдзіла пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску.
"Урад Вялікабрытаніі вельмі сур'ёзна заклапочаны тым,
як былі праведзены прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, а таксама паведамленнямі аб
тым, што беларускія ўлады адрэагавалі празмерным і, як ўяўляецца,
скаардынаваным насіллем", — гаворыцца ў заяве Хейга.
Хейг заклікаў беларускія ўлады "неадкладна вызваліць усіх затрыманых па
палітычных матывах". "У прыватнасці, я заклікаю беларускія ўлады
паведаміць, дзе знаходзіцца апазіцыйны кандыдат Уладзімір Някляеў".
Хейг настойліва заклікае беларускія ўлады забяспечыць усім затрыманым доступ да
неабходнай медыцынскай і юрыдычнай дапамогі, а таксама заклікае прэзідэнта
Лукашэнку і яго ўрад пачаць дыялог з палітычнымі партыямі, грамадскімі
арганізацыямі і грамадзянскай супольнасцю з тым, каб дазволіць ім рэалізаваць
сваю натуральную ролю ў дэмакратычным грамадстве, паведамляе БелаПАН.