Прадстаўнікі беларускай апазіцыі правялі сустрэчу ў Польскім МЗС
1 лютага прадстаўнікі беларускай палітычнай апазіцыі (чальцы Нацыянальнай каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, стваральнікі “Інстытута Дэмакратычнага”), а таксама праваабаронцы правялі сустрэчу з намесьнікамі Міністра замежных спраў Польшчы Генрыкам Ліцьвінам і Кжыштафам Станоўскім.
Сярод прадстаўнікоў Нацыянальнай рады – Аляксандр Мілінкевіч, Дзяніс Садоўскі, Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч, дачка Уладзіміра Някляева Ева, а таксама праваабаронца Алесь Бяляцкі і іншыя.
У склад моладзевай дэлегацыі уваходзяць міжнародны сакратар Маладога Фронту Валеры Мацкевіч, старшыня Руху “Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч, намесьнік старшыні “Маладой Беларусі” Цімафей Дранчук.
Як паведаміў прэсавы сакратар «Інстытута Дэмакратычнага” Цімафей Дранчук, на сустрэчы былі абмеркаваныя арганізацыйныя і тэхнічныя пытанні адносна маючай адбыцца 2 лютага міжнароднай донарскай канферэнцыі “Салідарнасць з Беларуссю”, да ўдзелу ў якой былі запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі.
Кіраўнікі Польскага МЗС выказалі словы падтрымкі беларускім дэмакратам і запэўнілі ў сваёй салідарнасці з беларускім народам.
Як сказаў намесьнік міністра МЗС Кжыштаф Станоўскі, “Польшча не можа быць абыякавай да складанай сітуацыі ў Беларусі, якая стварылася ў вашай краіне пасля выбараў 19 снежня.
Мы імкнемся дапамагчы беларусам салідарнасцю, якая мае вялікае значэнне для поспеху, што мы ведаем на сваім уласным досьведзе. Менавіта таму мы і імкнуліся арганізаваць насамрэч унікальную сустрэчу, дзе самі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, без пасярэднікаў, здолеюць данесці інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі да 200 гасцей з больш чым 30 краінаў.
Мы спадзяемся, што гэта станецца сур’ёзнай дапамогай для вашай краіны, якая імкнецца стаць свабоднай і дэмакратычнай!” -- сказаў Кжыштаф Станоўскі.
Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Генрык Ліцьвін, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, таксама падкрэсліў унікальнасць шырокага прадстаўніцтва канферэнцыі, і пажадаў беларусам максімальна прадуктыўна выкарыстаць гэтую пляцоўку, каб пра палітычнае становішча ў Беларусі ведалі ва ўсім свеце.
Нашая салідарнасць на словах нарэшце ажыццявіцца ў канкрэтным практычным сэнсе, і мы вельмі спадзяемся, што гэта прынясе таксама практычны і канкрэтны вынік” – сказаў Генрык Ліцьвін.