viasna on patreon

Выбары, боршч, гвалт і турма. Правабаронцы ў ААН – аб праблемах суайчынніц

2011 2011-02-02T16:44:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cedaw0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Наша даведка: CEDAWКанвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Прынятая ААН 18 снежня 1979 года, уступіла ў дзеянне 3 верасня 1981 года. Па стане на снежань 2010 года Канвенцыя ўступіла ў сілу для 186 краін свету. Менавіта спасылаючыся на гэтую канвенцыю, у 2000 г. Генасамблея ААН абвесціла 25 лістапада Міжнародным днём барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. За захаваннем прынцыпаў Канвенцыі назірае адмысловы Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ўдачыненні да жанчын, які складаецца з 23 экспертаў. 

Аб выкананні Канвенцыі CEDAW урады краін кожныя 4 гады даюць справаздачу ААН, але Беларусь не рабіла гэтага з 2004 г. Звычайна на некалькі дзён раней эксперты азнаёмліваюцца з альтэрнатыўнымі справаздачамі, каб мець магчымасць узняць найбольш актуальныя праблемы і абмеркаваць іх з прадстаўнікамі ўлады.

На думку адной з ініцыятарак альтэрнатыўнай справаздачы для экспертаў ААН, старшыні “Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху” Людмілы Пецінай, за 2002-2007 гады ніякага прагрэсу ў вырашэнні гендэрных пытанняў у Беларусі не адбылося. Напрыклад, улады так і не здолелі прыняць законы пра гендэрную роўнасць і пра супрацьдзеянне хатняму гвалту. Сістэмы абароны ахвяр хатняга гвалту ў краіне таксама па-ранейшаму няма. Між тым, па выніках сацыялагічных даследаванняў, 75% беларускіх жанчын сутыкаліся з рознымі формамі гвалту – псіхалагічным, эканамічным альбо фізічным. Пры гэтым каля 30% жанчын хоць аднойчы ў жыцці перанеслі фізічны гвалт.

Яшчэ адна закранутая праблема – беднасць бедарускіх жанчын, сярод якіх, паводле статыстыкі, у паўтары разы больш людзей з вышэйшай адукацыяй, чым сярод мужчын. У той жа час з-за існуючых у беларускім грамадстве стэрэатыпаў працадаўцы часцей за ўсё даюць мужчынам большыя заробкі, а лік жанчын на кіраўнічых пасадах у 10 разоў меншы, чым мужчын. Пры гэтым, адзначыла Л.Пеціна, дзяржава спрабуе стымуляваць нараджальнасць, бо стала прынята лічыць, што жанчына нібыта занадта занятая сваёй кар’ерай ва ўрон дэмаграфіі. Людміла Пеціна нагадала пра азін з выступаў кіраўніка дзяржавы А.Лукашэнкі, у якім ён казаў пра неабходнасць павялічыць насельніцтва краіны да 20-30 мільёнаў чалавек.

Старшыня праўлення “Цэнтра прававой трансфармацыі” Алена Танкачова ў альтэрнатыўнай справаздачы распавяла экспертам пра лёс палітзняволеных жанчын і пра наказ жанчынам з вуснаў старшыні ЦВК “сядзець дома і варыць боршч”. Па словах Алены Танкачовай, прадстаўнікі ўладаў не змаглі адказаць на многія пытанні камітэту экспертаў ААН. “Нязручнымі” для ўрадоўцаў сталі, напрыклад, пытанне аб працэнце жанчын, якія прагаласавалі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, аб мэтазгоднасці наяўнасці крымінальнага артыкула 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), а таксама аб жорсткіх умовах затрымання жанчын міліцыяй,  умовах іх утрымання ў СІЗА. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра лёс Ірыны Халіп, Наталлі Радзінай і Настассі Палажанкі, абвінавачваемым у масавых беспарадках. Афіцыйная дэлегацыя ў цэлым не адмаўляла наяўнасць праблем з гендэрнай роўнасцю ў Беларусі, але ўсё ж імкнулася больш гаварыць пра свае планы, чым пра цяперашні стан рэчаў.

У правабаронцаў, тым ня менш, застаецца надзея, што рэкамендацыі Камітэта СЕDAW будуць улічвацца беларускімі ўладамі пры складанні Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнню гендэрнай роўнасці на 2011-2015 гады.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства