viasna on patreon

Дом гомельскага апазіцыянера зносяць, але патрабуюць перад гэтым дабудаваць сцяну

2011 2011-04-13T09:25:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhukouski_k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

З нечаканай прапановай супрацоўнікаў МНС сустрэўся гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі: яго дом зносяць, але прапануюць перад гэтым дабудаваць супрацьпажарную сцяну.

Скаргі ў мясцовыя інстанцыі не далі плёну, таму актывіст напісаў заяву ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

За дом у цэнтры горада, які трапіў пад знос, Жукоўскаму прапанавалі кампенсацыю ў памеры 120 мільёнаў рублёў. «Смеху вартыя такія грошы. Тут, у цэнтры, кавалак зямлі ледзь не столькі ж каштуе, а не тое, што дом, прычым рэканструяваны, у добрым стане. Праўда, ужо год я не магу яго зарэгістраваць», - удакладняе актывіст.

У 2006 годзе ён купіў у цэнтры Гомеля дом у кепскім стане, пасля пажару, адразу пайшоў у адміністрацыю раёна на афармленне дакументаў на рэканструкцыю, сабраў усе патрэбныя даведкі, узгадніў рэканструкцыю са ўсімі службамі, аформіў «справу забудоўшчыка».

У 2010 годзе Жукоўскі падаў дакументы ў БТІ, каб зарэгістраваць дом, і ў гэты ж час з'явіліся чуткі пра тое, што прыватныя дамы на вуліцы Кніжнай будуць зносіць.

У БТІ адмовіліся рэгістраваць дом на той падставе, што няма дазволу на рэканструкцыю. «Пайшлі мы тады да архітэктара і паказалі сваю справу забудоўшчыка, і тое, што там стаялі дазволы зацікаўленых службаў на рэканструкцыю. Мы ж сабралі ўсе даведкі перад рэканструкцыяй. Але архітэктар кажа, што, маўляў, усе правільна, усе даведкі ёсць, але няма дазволу. Але хто нам казаў, што трэба яшчэ нейкі дазвол атрымаць? Мы, згодна з патрабаваннямі адміністрацыі Цэнтральнага раёна, сабралі ўсе паперы і дазволы», - здзіўляецца Жукоўскі.

Урэшце ў дазволе на рэканструкцыю было адмоўлена на той падставе, што будаўніцтва ажыццяўлялася «без падстаў для яго». «Але будаўніцтва вялося на падставе «справы забудоўшчыка», якая ёсць у мяне, з дазволамі службаў, з праектнай дакументацыяй, са ўсімі ўзгадненнямі. На генеральным плане стаяць подпісы і пячаткі зацікаўленых службаў», - адзначае грамадзянін.

Далей – болей. Служба МНС адказала, што не прымае дом, таму што адсутнічае супрацьпажарны разрыў паміж домам Жукоўскага і суседскай сядзібай, і запатрабавала будаваць супрацьпажарную сцяну.

«Мы не будавалі новы дом, а рамантавалі стары, і сцены там засталіся ў адпаведнасці з генеральным планам, на якім стаяць пячаткі і подпісы начальнікаў. У нас не самабуд, а дом, які мы рэканструявалі – з дазволу ўсіх службаў», - дадае Жукоўскі.

У скарзе у міністэрствы і Адміністрацыю прэзідэнта ён ставіць шэраг пытанняў. Чаму амаль год сям'ю ганяюць з кабінета ў кабінет, калі людзі сабралі ўсе дакументы, якія ад іх патрабавалі? Чаму людзей прымушаюць будаваць супрацьпажарную сцяну, калі яе не было на генеральным плане рэканструкцыі? І наогул навошта яе будаваць, калі сёння-заўтра дом будуць зносіць?

Таксама ў заяве Жукоўскі выказвае меркаванне, што, магчыма, забудоўшчык, які на месцы знесеных прыватных дамоў будзе будаваць шматпавярховыя, дамовіўся з уладамі аб тым, каб людзям як мага менш заплаціць за іх дамы.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства