“Вытокі” - спроба выратаваць ад цемры і ілжы найноўшую гісторыю нашай свабоды
Прэзентацыя грамадскага вэб-архіву "Вытокі", што адбылася 6 чэрвеня ў кнігарні “ЛогвінаЎ”, сабрала разам палітыкаў і гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў і архівістаў. Упершыню на Беларусі зробленая спроба стварыць унікальны архіў па гісторыі развіцця грамадзянскай супольнасці і вызвольнага руху цягам апошняга паўстагоддзя. Гэтая супольная ініцыятыва праваабарончага цэнтру "Вясна", арганізацыі "Дыярыуш", Асамблеі НДА і "Цэнтра Супольнасць" найперш павінна зберагчы ўнікальныя гістарычныя матэрыялы для новых пакаленняў беларусаў і тых, хто ўсур’ёз даследвае сучасную гісторыю.
Архіў дакумэнтаў, фота і відэаматэрыялаў ужо зараз адкрыты для агульнага карыстання праз вэб-сайт "Вытокі". На сайце размешчаны матэрыялы грамадскіх арганізацый, грамадскія і прыватныя зборы, якія датычацца паўстання грамадзянскай супольнасці і апазыцыйных рухаў у Беларусі цягам мінулага і бягучага стагоддзяў. Матэрыялы размяшчаюцца са згоды ўтрымальнікаў у даступнай для свабоднага карыстання форме. Да праекту можа далучыцца кожны, хто мае каштоўныя матэрыялы падобнай тэматыкі.
Вацлаў Арэшка, кіраўнік “Дыярыуша” і адзін з ініцыятараў стварэння вэб-архіву "Вытокі" паведаміў пад час прэзентацыі, што “ў такім аб’ёме ніхто да нас не збіраў і не сістэматызаваў архіўныя дакументы, фота і кінаматэрыялы. Лепшы архіўны збор такой тэматыкі хіба што існуе ў органаў бяспекі, аднак наўрад ці ён будзе шырокадаступны”.
Кіраўнік праекта Ларыса Андросік назвала гэты праект “энцыклапедыяй найноўшай гісторыяй Бедарусі”, стварэнне якой толькі пачалося і галоўная праца яшчэ наперадзе.