Гомельскія дэмакраты збіраюць подпісы за бясплатны праезд дзяцей
У абласны Савет дэпутатаў хутка накіруюць сабраныя подпісы дэмакратычныя актывісты з Гомеля, Светлагорску, Жлобіна ды іншых раённых цэнтраў. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны правоў дзяцей, Каардынацыйная рада гомельскіх аб’яднаных дэмакратычных сіл сабралася на паседжанне і прыняла рашэнне сабраць подпісы пад зваротам да ўладаў.
Каб пазбегнуць дыскрымінацыі навучэнцаў Гомельскай вобласці ў параўнанні з навучэнцамі Мінска, дзе Саветам дэпутатаў ужо прынята рашэнне аб дадатковых мерах па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў пры праездзе ў грамадскім транспарце, апазіцыянеры прапануюць прыняць аналагічнае рашэнне ў Гомельскай вобласці. А менавіта – вярнуць бясплатны праезд на аўтатранспарце агульнага карыстання рэгулярнага гарадскога паведамлення і гарадскім электрычным транспарце навучэнцам агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў спецыяльнай адукацыі.
Актывісты не ставяць мэтай сабраць як мага болей подпісаў. Калі іх будзе хаця б каля дзвюх соцень, прапанова ўжо будзе пададзена - каб не цягнуць залішне час.
“Праваабарончая хроніка”