У сілавікоў узрасла цікаўнасьць да анархістаў
У апошні час узмацніўся ціск на маладых людзей, якія фігуруюць у базах дадзеных праваахоўных органаў як “анархісты”, незалежна ад таго, з'яўляюцца яны насамрэч такімі, альбо не. Такі павышаны інтарэс у міліцыі з’явіўся пасьля акцыі ў Парку 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску.
Нагадаем, што уначы 10 студзеня група анархістаў правяла акцыю супраць высечкі дрэў у парку 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску. Яны ўбілі цвікі ў 10 дрэў, пра што пакінулі адпаведныя надпісы. "Гэтай акцыяй мы хацелі паказаць, што ёсьць больш эфектыўныя і дзейсныя спосабы абароны нашых паркаў і сквераў, чым пісаньне лістоў у розныя інстанцыі", - напісалі яны.
Сайт abc-belarus.org змясьціў паведамленьне, у якім распавядаецца пра факт “прафілактычнай апрацоўкі” непаўнагадовага менчука: “Ва ўстанову, дзе я навучаюся, патэлефанаваў нейкі суб'ект, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі. Ён запытаўся ў прадстаўніка кіраўніцтва, ці не лічыцца N ў экстрэмісцкіх анархісцкіх групоўках?» На што, зразумела, атрымаў адказ – “Не”. Пасля гэтага ён паведаміў, што будзе тэлефанаваць маім бацькам і зойдзе дадому, каб пра ўсё даведацца. З улікам таго, што я непаўнагадовы - гэта выглядае неяк нядобра”.
У “Анархічны чорны крыж”, які аказвае дапамогу пад час перасьледу анархістам і антыаўтарытарным актывістам, звяртаюцца і іншыя маладыя людзі. Некаторых з іх выклікалі на “гутаркі”, а ў асобных выпадках прымушалі запаўняць анкеты на прадмет датычнасьці да анархісцкага руху, альбо удзелу у іх ініцыятывах.