Выканкамаўская рэдактарка працягнула вайну з незалежнымі СМІ
Рэдактар газеты «Адзiнства» Барысаўскага райвыканкама Вера Пратасевіч пасля публікацыі на сайце ПЦ “Вясна” артыкула «Рэдактар Выканкамаўскай газеты раіць недзяржаўным журналістам пакінуць Беларусь» больш не «высылае» незалежных журналістаў з краіны, затое бярэ на сябе функцыі суду.
Чарговы нумар газеты Барысаўскага выканкама «Адзiнства» ад 18 студзеня 2011 г. № 3 (13837) змяшчае ў сабе адказ галоўнага рэдактара Веры Пратасевіч на публікацыю на сайце ПЦ «Вясна». Праўда, на гэты раз рэдактар не дазваляе сабе выказванняў «так не проще было бы сменить место жительства и страну, в которой каждый — враг?». Усё ж водгукі наведвальнікаў незалежных сайтаў, дзе была размешчаная інфармацыя, падзейнічалі. Паліткарэктнасці ўсё ж навучылі.
Аднак, зараз вертыкальны газетны чыноўнік дэманструе ўсім сваю поўную неадукаванасць ў сферы крымінальнага заканадаўства. У сённяшнім выпуску газеты Вера Пратасевіч выносіць «вердыкт»: «Вора я назвала вором, точно так же, как любой из читателей назвал бы таковым негодяя, запустившего руку в чужой кошелек». Гэта пра публікацыю на незалежным барысаўскім сайце ex-Press.by, спасылка на які апублікавана ў газеце, і зусім не змяшчае інфармацыі «А».
«Назваць публічна каго б там ні было злодзеем можа толькі суд, - тлумачыць праваабаронца Алег Мацкевіч. - Для гэтага патрэбныя доказы. Наколькі мне вядома (а я пастаянны наведвальнік інтэрнэт-сайтаў), актыўная спасылка на рэсурс не можа быць расцэненая, як парушэнне аўтарскіх правоў. Сайт газеты «Адзiнства» быў заўважаны ў публікацыях навінавых інфармацый чужых рэсурсаў без актыўнай спасылкі. Такі прыклад дае барысаўскі незалежны сайт. Абвінавачванні ж, апублікаваныя ў “А”- відавочная спроба дыскрэдытаваць незалежныя інтэрнэт-рэсурсы ».
«Перефразируя известную фразу профессора Преображенского из «Собачьего сердца», своим читателям дам совет. Не читайте перед обедом так называемые «свободные» СМИ! Равно как и перед завтраком и ужином. Не читайте их и на ночь — иначе во сне одолеют кошмары, да и нормальному пищеварению это способствовать не будет»- прыводзіць апошні «аргумент» у вайне з незалежнымі сайтамі Вера Пратасевіч. «Хоць паліткарэктнасці мы Веру ўсё ж навучылі, - смяецца журналіст незалежнага сайта ex-Press.by Вікторыя Равінская. - Засталося «падцягнуць» у веданні Крымінальнага кодэкса. Каб ведаць, што пагражае за паклёп. Адносна – “перафразаваць фразу” ... Ищите ранги повыше и таланты пожиже”.