viasna on patreon

Меркаванні Працоўнай групы па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН адносна справы Алеся Бяляцкага (тэкст дакумента)

2012 2012-12-24T23:59:00+0300 2015-01-16T15:00:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hrc_un-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Савет па правах чалавека ААН

Савет па правах чалавека ААН

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый

Савет па правах чалавека

Працоўная група па адвольных затрыманнях


Меркаванні, прынятыя Працоўнай групай па адвольных затрыманнях на шэсцьдзясят чацвёртай сесіі 27-31 жніўня 2012 года


№ 39/2012 (Беларусь)
Паведамленне накіравана ўраду 20 красавіка 2012 года
Адносна: Аляксандра Віктаравіча Бяляцкага  

Адказ ўрада 22 траўня 2012 года 


Дзяржава з'яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

1. Працоўная група па адвольных затрыманнях была створаная згодна з рэзалюцыяй 1991/42 былой Камісіі па правах чалавека, якая падоўжыла і ўдакладніла мандат Працоўнай групы ў сваёй рэзалюцыі 1997/50. Савет па правах чалавека прыняў мандат у сваім рашэнні 2006/102 і падоўжыў яго трохгадовы перыяд у сваёй рэзалюцыі 15/18 ад 30 верасня 2010 года. У адпаведнасці са сваімі Метадамі працы, Працоўная група накіравала вышэйзгаданае паведамленне ўраду.

2. Працоўная група лічыць пазбаўленне волі адвольным ў наступных выпадках:

(a) Калі відавочна немагчыма спасылацца на любую прававую аснову дзеля апраўдання пазбаўлення волі (напрыклад, калі асоба знаходзіцца ў зняволенні пасля адбыцця свайго пакарання або насуперак закону аб амністыі, які мусіць прымяняцца да зняволенага) (катэгорыя I);

(b) калі пазбаўленне волі вынікае з ажыццяўлення правоў або свабодаў, гарантаваных артыкуламі 7, 13, 14, 18,19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і, у той ступені, наколькі гэта датычыць дзяржаваў-ўдзельніцаў, артыкуламі 12, 18, 19, 21, 22, 25, 26 і 27 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (катэгорыя II);

(c) Калі поўнае або частковае невыкананне міжнародных нормаў, якія датычацца права на справядлівае судовае разбіральніцтва, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і адпаведных міжнародных дамовах, прынятых адпаведнымі дзяржавамі, з'яўляецца настолькі сур'ёзным, каб надаць пазбаўленню волі адвольны характар ​​(катэгорыя III);

(d) Калі прэтэндэнты на атрыманне палітычнага прытулку, імігранты або ўцекачы становяцца ахвярамі працяглага адміністрацыйнага затрымання без магчымасці адміністрацыйнага або судовага абскарджвання або сродкаў прававой абароны (катэгорыя IV);
 
(e) Калі пазбаўленне волі з'яўляецца парушэннем міжнароднага права з прычыны дыскрымінацыі па прыкмеце нараджэння, нацыянальнага, этнічнага або сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігіі, эканамічнага становішча, палітычных ці іншых перакананняў, полу; сэксуальнай арыентацыі, або інваліднасці або іншага статусу, і якое накіраванае на або можа прывесці да ігнаравання роўнасці правоў чалавека (катэгорыя V),

Прадастаўленыя матэрыялы

Папярэдні Тэрміновы зварот па справе сп. Бяляцкага

3.  Справа была даведзеная да ведама Працоўнай групы па адвольных затрыманнях у наступным выглядзе. Сп. Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі (далей сп. Бяляцкі), грамадзянін Беларусі, які стала пражывае па адрасе праспект Незалежнасці, Менск, Беларусь, з'яўляецца праваабаронцам, заснавальнікам і прэзідэнтам Праваабарончага цэнтра “Наша Вясна” (або “Вясна”) і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

4. 15 жніўня 2011 г. старшыня-дакладчык Працоўнай групы па адвольных затрыманнях разам з іншымі мандатарыямі спецыяльных працэдураў накіраваў тэрміновы зварот ураду Беларусі. Адпаведны змест тэрміновага зварота прыводзіцца ніжэй:

4 жніўня 2011 г., прыкладна ў 2:00 апоўдні, як паведамляецца, група асобаў у цывільным акружыла аддзяленне ПЦ "Вясна" ў Менску, супрацоўнікі ПЦ "Вясна" пакінулі офіс і замкнулі дзверы. У час эвакуацыі офіса, адзін з супрацоўнікаў чуў, як адна з асобаў у цывільным размаўляла па мабільным тэлефоне, сказаўшы, што сп. Бяляцкі не знаходзіцца ў офісе. У той жа дзень, прыкладна ў 4:30 апоўдні, сп. Бяляцкі быў арыштаваны ў цэнтры горада Менска прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у яго доме. Пасля гэтага, сп. Бяляцкі быў дастаўлены ў офіс “Вясны”, які таксама быў абшуканы міліцыяй. 5 жніўня 2011 года, сп. Бяляцкі быў пераведзены з камеры ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў ізалятар часовага ўтрымання Міністэрства ўнутраных справаў, дзе ён застаецца да гэтага часу.

Сп. Бяляцкі, як сцвярджаецца, утрымліваецца пад вартай за тое, што не заявіў аб існаванні прыватнага замежнага рахунку, зарэгістраванага на яго імя. У выніку гэтага, справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў была распачатая ў дачыненні да сп. Бяляцкага за “ўтойванне прыбытку ў асабліва буйным памеры” ў адпаведнасці з артыкулам 243(2) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыю маёмасці.
Паводле атрыманай інфармацыі, мэтай валютнага рахунку было атрыманне ахвяраванняў на імя сп. Бяляцкага для фінансавання праваабарончай дзейнасці “Вясны”. У чэрвені 2011 года сп. Бяляцкаму паведамілі аб тым, што расследаванне яго асабістых фінансавых справаў вялося з боку ўладаў. З улікам яго меркаванага затрымання, выказана сур'ёзная заклапочанасць адносна фізічнай і псіхалагічнай недатыкальнасці сп. Алеся Бяляцкага. Далей выказваецца занепакоенасць, што яго затрыманне можа быць наўпрост звязанае з яго працай у абарону правоў чалавека, у прыватнасці з ПЦ "Вясна".


5. Урад адказаў 31 кастрычніка 2011 года, і Працоўная група вітае гэтае супрацоўніцтва. Змест афіцыйна перакладзенага адказу, атрыманага ад ураду Беларусі, прыводзіцца ніжэй:

4 жніўня 2011 г. следчым аддзела папярэдняга расследавання Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да сп. Бяляцкага за злачынства, прадугледжанае артыкулам 243, часткай 2 Крымінальнага кодэкса (“ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы альбо шляхам ухілення ад прадаста”ўлення падатковай дэкларацыі (разліку) або ўнясення ў яе заведама ілжывых звестак, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры”).
Гэта злачынства, прадугледжанае артыкулам 243, часткай 2 Крымінальнага Кодэкса, адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, пакаранне за якое ўключае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў, з або без канфіскацыі маёмасці і з або без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Справа была ўзбуджана на падставе матэрыялаў, сабраных падчас папярэдніх запытаў.
Паводле звестак Міністэрства юстыцыі Літвы, атрыманых Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 4 красавіка 2011 года, сродкі на агульную суму не менш як 295 733 еўра былі пераведзеныя на нумар рахунку сп. Бяляцкага ў банку AB DnB NORD Bankas у перыяд з 2009 г. па 2011 г.
Паводле звестак Міністэрства юстыцыі Польшчы, атрыманых Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, сродкі на агульную суму не менш як 335 787 еўра былі пераведзеныя на нумар рахунку сп. Бяляцкага ў банку Bank Śląski ў перыяд з 2007 г. па 2011 г.
У парушэнне дзеючага заканадаўства, сп. Бяляцкі не задэклараваў гэтыя сумы падатковым органам і не выплаціў падаходны падатак на атрыманы прыбытак.
У адпаведнасці з артыкулам 153, часткай 1.1 Падатковага кодэкса, прыбыткі, атрыманыя з крыніцаў у Беларусі і/або за мяжой фізічнымі асобамі, прызнанымі ў адпаведнасці з артыкулам 17 Падатковага кодэкса падатковымі рэзідэнтамі Беларусі, падлягаюць падаткаабкладанню падаткам на асабісты прыбытак.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Падатковага кодэкса, фізічныя асобы, якія прысутнічаюць у Беларусі больш за 183 дзён у каляндарным годзе, лічацца падатковымі рэзідэнтамі, які і ў выпадку сп. Бяляцкага.

23 верасня 2011 г., пасля падатковай праверкі, сп. Бяляцкаму было прад'яўлена канчатковае абвінавачанне ў адпаведнасці з артыкулам 243, часткай 2 Крымінальнага кодэкса за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на агульную суму 352 274 360 беларускіх рублёў
(больш як 10 064 базавых велічыняў).

У ходзе расследавання не ўстаноўлена ніякага пацверджання таго, што вышэйзгаданыя сумы
ў літоўскім і польскім банках былі прызначаныя для фінансавання Праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншых арганізацый.
Сп. Бяляцкі быў затрыманы ў 4:58 вечара 4 жніўня 2011 года супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па адрасе праспект Незалежнасці 36, Менск, па падазрэнні ў здзяйсненні вышэйзгаданага злачынства. У адпаведнасці з артыкулам 41 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, сп. Бяляцкі быў праінфармаваны падчас яго затрымання аб яго правах і абавязках, у тым ліку аб яго праве на абарону.

У сувязі з тым, што злачынствы паводле артыкула 243, часткі 2 Крымінальнага кодэкса кваліфікуюцца як цяжкія злачынствы, за якія прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін больш за два гады, сп. Бяляцкі быў узяты пад варту ў якасці меры стрымання ў адпаведнасці з артыкулам 126, часткай 1 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Сп. Бяляцкі быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Упраўлення ўнутраных справаў Менскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Сп. Бяляцкі не прызнаў сябе вінаватым у прад'яўленых супраць яго абвінавачваннях і адмовіўся даваць паказанні. У ходзе допыту ў якасці падазраванага на пачатковым этапе расследавання, ён пацвердзіў, што адкрыў рахункі ў замежных банках на сваё імя, і што ён кіраваў і выкарыстоўваў іх асабіста.

Пры вывучэнні матэрыялаў справы, органамі пракуратуры Менска ўстаноўлена, што папярэдняе следства было праведзена старанна, аб'ектыўна і ўсебакова, дзеянні абвінавачанага былі правільна кваліфікаваны, абвінавачванне было абгрунтаваным і заснаваным на доказах, выяўленых у ходзе расследавання, усе магчымыя следчыя дзеянні былі зробленыя, прынятыя прэвентыўныя меры былі правільнымі, і што не было ніякіх парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, у тым ліку ў дачыненні да ўтрымання пад вартай сп. Бяляцкага і збору доказаў.

5 жніўня 2011 года, сп. Бяляцкі быў змешчаны ў следчы ізалятар № 1 Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў, дзе ён па-ранешаму знаходзіцца пад вартай.

Сп. Бяляцкі не падаваў ніякіх скаргаў пра сваё здароўе і не меў цялесных пашкоджанняў, калі ён быў пераведзены ў следчы ізалятар і агледжаны доктарам. Сп. Бяляцкі не звяртаўся па медыцынскую дапамогу ў час яго ўтрымання пад вартай у следчым ізалятары № 1.

Сп. Бяляцкі ўтрымліваецца ў камеры, разлічанай на шэсць чалавек. Па стане на 10 кастрычніка 2011 года, у камеры знаходзіліся чатыры чалавекі. Умовы адпавядаюць патрабаванням Правілаў утрымання пад вартай ад 16 чэрвеня 2003 года.
4 кастрычніка 2011 г. Пракуратура г. Менска перадала справу ў суд Першамайскага раёна г. Менска.
Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання сп. Бяляцкага пад вартай не была змененая.

У ходзе папярэдняга расследавання не было атрымана ніякіх скаргаў або заяваў як ад сп. Бяляцкага асабіста, так і ад яго імя.

Сп. Бяляцкі карыстаецца сваім правам на абарону ў адпаведнасці з артыкулам 17, часткай 1 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, з дапамогай прафесійнага юрыста, які дзейнічае як ягоны абаронца.

У ходзе папярэдняга расследавання, адвакат прадаставіў тры скаргі (на незаконнае прад'яўленне абвінавачвання, аб неабходнасці спынення крымінальнай справы, і аб вызваленні з-пад варты); пасля разгляду скаргі былі адхіленыя як неабгрунтаваныя.

Улічваючы, што арышт і заключэнне пад варту сп. Бяляцкага былі заснаваныя на палажэннях беларускага крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права, яны не могуць лічыцца адвольнымі у сэнсе артыкула 9 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя артыкулы і іншыя нормы, якія тычацца крымінальнага расследавання і ўтрымання пад вартай, выконваліся ў ходзе папярэдняга расследавання ў дачыненні да сп. Бяляцкага.

Інфармацыя ад кампетэнтных органаў аб сітуацыі сп. Бяляцкага пераканаўча пацвярджае, што яго затрыманне і ўтрыманне пад вартай не звязана з яго працай у якасці праваабаронцы, у тым ліку ў кантэксце дзейнасці Праваабарончага цэнтра “Вясна”.


6. У адпаведнасці з пунктам 23 Метадаў працы, “[п]асля перадачы ўраду тэрміновай заявы, Працоўная група можа перадаць справу ў межах сваёй рэгулярнай працэдуры для таго, каб вынесці меркаванне аб тым, ці з’яўляецца пазбаўленне волі адвольным. Такія заклікі – якія носяць чыста гуманітарны характар ​–​ ніякім чынам не перадвызначаюць Меркаванні, якія Працоўная група можа вынесці. Урад павінен адказаць асобна ў межах працэдуры тэрміновай заявы і рэгулярнай працэдуры”. У прадстаўленых матэрыялах крыніца прама просіць Працоўную групу перадаць справу сп. Бяляцкага, у адпаведнасці з рэгулярнай працэдурай.


Прадастаўленне ад крыніцы у межах рэгулярнай працэдуры Працоўнай групы


7. Крыніца прадаставіла наступную інфармацыю аб далейшым развіцці падзеяў у справе. 28 кастрычніка 2011 г., пасля заканчэння следства, суд Першамайскага раёна вырашыў працягнуць ўтрыманне пад вартай сп. Бяляцкага.


8. 24 лістапада 2011 г., сп. Бяляцкі быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці судом Першамайскага раёна горада Менска. Суд прызнаў сп. Бяляцкага вінаватым у нявыплаце падаткаў, непадачы падатковай дэкларацыі і прадастаўленні ў падатковай дэкларацыі заведама ілжывых звестак, тым самым прычыніўшы шкоду ў асабліва буйным памеры у адпаведнасці з артыкулам 243, часткай 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Суд пастанавіў, што ён мусіць адбываць пакаранне ў папраўчай установе ўзмоцненага рэжыму. З сп. Бяляцкага таксама спаганяецца штраф у памеры 721 454 017 беларускі рублёў (каля 90 000 долараў ЗША) і ён абавязаны выплаціць у дзяржаўны бюджэт кампенсацыю ў памеры 36 072 700 беларускіх рублёў (прыкладна 4 500 долараў ЗША).


9. 2 снежня 2011 г. сп. Бяляцкі быў пераведзены ў турму № 8 г. Жодзіна. 24 студзеня 2012 года Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд сп. Бяляцкаму. 17 лютага 2012 г., сп. Бяляцкі быў пераведзены ў Бабруйскую папраўчую калонію № 2, дзе ён знаходзіцца зараз.


Сцвярджэнні крыніцы аб меркаваным адвольным характары ​​працяглага ўтрымання пад вартай сп. Бяляцкага


10. Крыніца паведамляе, што ў ходзе судовага разбіральніцтва, сп. Бяляцкі быў прадстаўлены адвакатамі, якія сцвярджалі і прадаставілі доказы таго, што абвінавачванні былі неабгрунтаванымі, і ўказвалі на працэсуальныя парушэнні, у тым ліку незаконнае атрыманне доказаў бокам абвінавачвання, незацверджаныя афіцыйна дакументы і ўмяшальніцтва ў справу з боку КДБ.


11. Крыніца сцвярджае, што грашовыя пераводы, якія былі расцэнены беларускімі падатковымі органамі як асабісты прыбытак, мелі законнай мэтай фінансаванне рэгулярнай праваабарончай дзейнасці ПЦ “Вясна”, і ніколі не выкарыстоўваліся ў якасці асабістых сродкаў сп. Бяляцкага.


12. Паведамляецца, што шэраг незалежных праваабарончых арганізацый, у тым ліку “Вясна”, былі зачыненыя ўладамі і сутыкаліся з сістэматычнымі адмовамі у рэгістрацыі з 2003 года. У сваім паведамленні № 1296/2004, Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў прыйшоў да высновы, што закрыццё “Вясны” ўяўляе сабой парушэнне артыкула 22 (1) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), і што суаўтары Скаргі маюць “права на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю «Вясны»” (Камітэт па правах чалавека, CCPR/C/90/D/1296/2004, пункт 9). Паводле звестак крыніцы, улады Беларусі адмовіліся выканаць гэтае рашэнне і адмовілі ў перарэгістрацыі “Вясны”.


13. Нягледзячы на ​​пазіцыю ўладаў, сп. Бяляцкі і сябры яго арганізацыі “Вясна” спрабавалі працягнуць сваю дзейнасць па заахвочванню павагі да міжнародна прызнаных правоў і свабодаў, аказанню прававой і матэрыяльнай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека. Дзеля таго, каб працягваць гэтую дзейнасць, сябры “Вясны” вырашылі, што сродкі, якія выдаткоўваюцца на праваабарончую дзейнасць “Вясны”, павінны пераводзіцца на банкаўскі рахунак, які рэгулярна адкрываецца і дэкларуецца ў адпаведнасці з унутраным літоўскім заканадаўствам.

14. Крыніца падкрэслівае, што незалежная дзейнасць сп. Бяляцкага і “Вясны” ў галіне заахвочвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі былі прызнаная як унутры краіны, так і за мяжой. “Вясна” і сп. Бяляцкі быў уганараваны некалькімі прэміямі, у тым ліку чэшскай прэміяй “Homo Homini” у 2005 годзе, Прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага камітэта і прэміяй Пера Ангера шведскага ўрада ў 2006 годзе, Прэміяй Свабоды Атлантычнага савета, прэміяй дацкай штодзённай газеты “Politiken” і польскай прэміяй Міністэрства замежных справаў “Pro Dignitate Humana” у 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў, сп. Бяляцкі шмат разоў падарожнічаў па Усходняй Еўропе, назіраючы за судамі, расследуючы парушэнні правоў чалавека, падтрымліваючы сем'і зняволеных і назіраючы за выбарамі.


15. Арышту сп. Бяляцкага папярэднічалі яго заявы ў Савеце Еўропы ў красавіку 2011 года ў сувязі з пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, яго ўдзел у пасяджэнні Міжнароднага савета FIDH, якое адбылося ў Парыжы ў чэрвені 2011 года, і яго прамова з нагоды слуханняў па сітуацыі ў Беларусі ў Еўрапейскім парламенце з заклікам да санкцыяў супраць асобаў, вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў краіне.


16. У святле вышэй сказанага, крыніца сцвярджае, што вынясенне прысуду і працяглае утрымання пад вартай сп. Бяляцкага з'яўляюцца прамым вынікам мірнага ажыццяўлення правоў і свабодаў, гарантаваных міжнародным правам у галіне правоў чалавека, у прыватнасці тых, якія замацаваныя ў артыкулах 19 і 22 МПГПП. Паводле крыніцы, затрыманне Бяляцкага накіраванае выключна на спыненне і прадухіленне яго дзейнасці ў якасці абаронцы правоў чалавека.


17. Крыніца таксама паведамляе, што пасля вынясення прысуду судом першай інстанцыі 24 лістапада 2011 года, беларускія няўрадавыя арганізацыі пачалі кампанію па зборы грошай для пакрыцця матэрыяльнай шкоды, нібыта нанесенай дзяржаве, і судовых выдаткаў, якія склалі ў агульнай суме 757 526 717 беларускіх рублёў (каля 95 000 долараў ЗША), у адпаведнасці з рашэннем суда. За некалькі дзён да абскарджвання прысуду ў студзені 2012 года, ўся сума штрафу была выплачаная.


18. У адказе, прадстаўленым ўрадам на Тэрміновую заяву, адзначалася, што “расследаванне не знайшло пацверджання таго, што ... сумы [на падставе якіх супраць сп. Бяляцкага была ўзбуджаная крымінальная справа] у літоўскім і польскім банках былі прызначаныя для фінансавання Праваабарончага цэнтра “Вясна” іншых арганізацый”. Той жа адказ далей паведамляе, што “інфармацыя ад кампетэнтных органаў аб сітуацыі сп. Бяляцкага пераканаўча пацвярджае, што яго затрыманне і ўтрыманне пад вартай не звязана з яго працай у якасці праваабаронцы, у тым ліку ў кантэксце дзейнасці Праваабарончага цэнтра “Вясна”.


Адказ урада


19. 20 красавіка 2012 г. Працоўная група звярнулася да ўрада Беларусі з просьбай адказаць на вышэйзгаданыя абвінавачванні. 22 траўня 2012 года, урад Рэспублікі Беларусь прадаставіў наступны адказ. Урад заявіў, што ў духу канструктыўнага супрацоўніцтва, у кастрычніку 2011 года, ён прадаставіў Працоўнай групе вычарпальныя аргументы, якія паказваюць на неабгрунтаваны характар ​​сцвярджэнняў аб тым, што арышт і ўтрыманне пад вартай сп. Бяляцкага могуць мець адвольны характар. У прыватнасці, урад заявіў, што яго адказ паказаў, што арышт і ўтрыманне пад вартай сп. Бяляцкага грунтаваліся на канкрэтных палажэннях Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь і, такім чынам, не могуць лічыцца адвольнымі ў адпаведнасці з артыкулам 9 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Палажэнні гэтых артыкулаў, як і іншых нормаў у гэтых дакументах, звязаных з крымінальным пераследам і ўтрыманнем пад вартай, былі выкананыя ў ходзе папярэдняга следства ў дачыненні да сп. Бяляцкага.


20. Урад сцвярджае, што сп. Бяляцкі быў праінфармаваны аб сваіх правах і абавязках, у тым ліку яго праве на абарону, адразу ж пасля яго арышту. Ён карыстаўся паслугамі адваката, які прадстаўляў яго інтарэсы ў ходзе судовага паседжання па крымінальнай справе, і яму быў прадастаўлены дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны.


21. У лістападзе 2011 года суд Першамайскага раёна г. Менска прысудзіў сп. Бяляцкага да чатырох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.


22. Згодна з адказам урада, пастанова суда звязаная выключна з парушэннямі падатковага заканадаўства. Сп. Бяляцкі не задэклараваў значныя фінансавыя рэсурсы, якія ён атрымаў з крыніцаў па-за межамі Рэспублікі Беларусь, што з'яўляецца сур'ёзным парушэннем дзеючага падатковага заканадаўства (больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў адказе на папярэднюю Тэрміновую заяву ад 31 кастрычніка 2011 года).


23. У прыватнасці, у адпаведнасці з артыкулам 153, часткай 1.1 Падатковага кодэкса, прыбыткі, атрыманыя з крыніцаў у Беларусі і/або за мяжой фізічнымі асобамі, прызнанымі ў адпаведнасці з артыкулам 17 Падатковага кодэкса падатковымі рэзідэнтамі Беларусі, падлягаюць падаткаабкладанню падаткам на асабісты прыбытак. У адпаведнасці з артыкулам 17 Падатковага кодэкса, фізічныя асобы, якія прысутнічаюць у Беларусі больш за 183 дзён у каляндарным годзе, лічацца падатковымі рэзідэнтамі, які і ў выпадку сп. Бяляцкага.

24. Урад адзначае, што ўхіленне ад выплаты падаткаў з’яўляецца крымінальным злачынствам і караецца паводле закона ва ўсіх еўрапейскіх краінах. У некаторых краінах Еўрапейскага Саюза існуюць больш сур'ёзных санкцыі за парушэнне падатковага заканадаўства, чым у Беларусі. Усе, без выключэння, падвяргаюцца крымінальнаму пераследу, у выпадку ўхілення ад выплаты падаткаў, незалежна ад іх палітычнага або сацыяльнага статусу. Заканадаўства еўрапейскіх краінаў не ўтрымлівае ніякіх гарантыяў падатковага імунітэту для асобаў, якія займаюцца праваабарончай дзейнасцю.


25. Урад даводзіць, што не існуе прававых падставаў для далейшага разгляду Працоўнай групай справы сп. Бяляцкага. Урад сцвярджае, што затрыманне сп. Бяляцкага і рашэнне суда былі заснаваныя на дакладных заканадаўчых палажэннях, якія адпавядаюць дзеючым міжнародна-прававым дакументам.


26. Акрамя таго, урад заяўляе, што інфармацыя, прадстаўленая крыніцай на разгляд Працоўнай групе, скажона трактуе сітуацыю адносна справы сп. Бяляцкага і спрабуе надаць ёй палітычнае адценне. На думку ўрада, крыніца не прадаставіла ніводнага пераканаўчага факта ў падтрымку аргументацыі адносна магчымага парушэння палажэнняў міжнародна-прававых дакументаў.


27. Урад падкрэслівае, што крыніца інфармацыі павінна ведаць, што, хоць Працоўная група па адвольных затрыманнях мае спецыяльны тэматычны мандат, яна не можа замяніць сабой нацыянальныя судовыя сістэмы і пераглядзець рашэнні, прынятыя судовымі органамі дзяржаваў-удзельніцаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.

 

Дадатковыя каментары ад крыніцы


28. У лісце ад 23 жніўня 2012 г. крыніца прадаставіла далейшыя каментары. Паводле крыніцы, урад Беларусі цьмяна трактуе артыкул 9 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкул 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), і не ў стане прадэманстраваць наступнае: (1) ступень адпаведнасці з боку ўладаў усім палажэнням артыкула 9 МПГПП, у тым ліку ў святле судовай практыкі Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў і іншых міжнародных органаў і механізмаў; або (2) прычыны, чаму ён лічыць, што затрыманне сп. Бяляцкага не падпадаюць пад дзеянне мандата Працоўнай групы па адвольных затрыманнях.


29. Крыніца спасылаецца на наступныя гарантыі ў адпаведнасці з артыкулам 9 МПГПП: палажэннні ўнутранага заканадаўства, якія, у сваю чаргу, павінны адпавядаць прынцыпам міжнародных дакументаў, павінны быць выкананы падчас затрымання; утрыманне пад вартай павінна быць не толькі законным, але таксама абгрунтаваным і неабходным ва ўсіх адносінах (напрыклад, для прадухілення ўцёкаў, маніпуляцыі доказаў або паўторнага здзяйснення злачынства); утрыманне пад вартай не можа ацэньвацца абстрактна, але павінна быць прааналізавана ў святле канкрэтных абставінаў кожнай справы і ўсёй фактычнай інфармацыі аб абвінавачаным; падазрэнне аб здзяйсненні крымінальнага злачынства само па сабе не з'яўляецца дастатковай падставай для ўзяцця затрыманага пад варту падчас следства і напярэдадні суду; утрыманне пад вартай не павінна разглядацца ў якасці стандартнай меры, што прымяняецца да ўсіх асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў. Гэтая мера павінна прымяняцца толькі ў крайнім выпадку, толькі тады, калі менш строгія меры не могуць забяспечыць належныя паводзіны абвінавачанага. Крыніца сцвярджае, што заключэнне пад варту сп. Бяляцкага ў ходзе папярэдняга следства з’яўляецца парушэннем вышэйзгаданых стандартаў.


30. Крыніца сцвярджае, што любое рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай, прынятае следчымі органамі і судом, павінна ўтрымліваць абгрунтаванне выбару заключэння пад варту, напрыклад, па прычыне неабходнасці, слушнасці і суразмернасці. Гэта не было зроблена ў дадзенай справе, што і складае парушэнне палажэнняў артыкула 126 (2) Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкула 9 (1) МПГПП. Акрамя таго, рашэнні судоў па пытанні аб законнасці заключэння пад варту, заснаваныя на артыкуле 126(1) Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім “мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту можа быць ужытая супраць асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, выключна на аснове цяжару злачынства”. Тым не менш, у дадзенай справе, ні пастановы следчага, ні судовыя рашэння аб заключэння пад варту сп. Бяляцкага не ўтрымліваюць ніякіх аргументаў на карысць выкарыстання такой меры стрымання ў адносінах да сп. Бяляцкага. Акрамя таго, крыніца сцвярджае, што не было прадстаўлена ніводнага канкрэтнага доказа, каб прадэманстраваць верагоднасць небяспекі таго, што абвінавачваны можа ўхіліцца ад правасуддзя, знішчыць доказы альбо парушыць закон. Такім чынам, прававая норма, якая дазваляе заключэнне пад варту выключна на падставе цяжару злачынства, не адпавядае міжнародным стандартам, паколькі такі падыход не грунтуецца на індывідуальнай ацэнцы магчымасці супрацьпраўных паводзінаў абвінавачанага ў ходзе расследавання справы і яе разгляду судом. У святле вышэй сказанага, крыніца сцвярджае, што заключэнне пад варту сп. Бяляцкага парушыла артыкул 9 (1) МПГПП.


31. Крыніца таксама заяўляе аб парушэнні артыкула 9 (3) МПГПП. Яна адзначае, што ў адпаведнасці з палажэннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, заключэнне пад варту адбываецца на падставе пастановы следчага, санкцыянаванай пракурорам або іншымі органамі крымінальнага пераследу (арт. 126 (4) Крымінальна-працэсуальнага кодэкса). Пры разглядзе справаў, звязаных з Беларуссю, Камітэт па правах чалавека ўжо двойчы заяўляў, што дзяржаўны абвінаваўца не з'яўляецца асобай, які валодае неабходнай інстытуцыйнай незалежнасцю і бесстароннасцю, каб разглядацца як "іншая службовая асоба, упаўнаважаная законам ажыццяўляць судовую ўладу", як гаворыцца ў артыкуле 9 (3), паколькі належнае выкарыстанне судовай уладай можа ажыццяўляцца толькі органам, які з'яўляецца незалежным, аб'ектыўным, неперадузятым і бесстароннім у дачыненні да пытанняў, якія разглядаюцца. Такім чынам, крыніца сцвярджае, што заключэнне сп. Бяляцкага пад варту намеснікам пракурора горада Менска 5 жніўня 2011 года уяўляе сабой парушэнне артыкула 9 (3) МПГПП.


32. Акрамя таго, пры разглядзе скаргаў на заключэнне пад варту сп. Бяляцкага, суд Першамайскага раёна Менска і Менскі гарадскі суд не выканалі патрабаванняў артыкула 9 (4) МПГПП. Паводле крыніцы, рашэнні судоў не ўтрымліваюць спасылак на разгляд якіх-небудзь доказаў, якія б давалі дастатковыя падставы утрымліваць сп. Бяляцкага пад вартай (напрыклад, крытэрыі неабходнасці, абгрунтаванасці і мэтазгоднасці прымянення гэтай меры ў адносінах да адпаведнай асобы ў адпаведных абставінах). Акрамя таго, ацэнка была дадзеная судом у адсутнасць сп. Бяляцкага, які, такім чынам, быў пазбаўлены магчымасці абараняць сябе.


33. Паралельна з гэтым, крыніца сцвярджае, што ў сваім адказе ўрад не здолеў прадэманстраваць, на якіх падставах ён лічыць, што затрыманне сп. Бяляцкага не падпадае пад дзеянне мандата Працоўнай групы па адвольных затрыманнях. Ён проста спасылаецца на артыкул 153, частку 1.1 Падатковага кодэкса, у якім гаворыцца, што “прыбыткі, атрыманыя з крыніцаў у Беларусі і/або за мяжой фізічнымі асобамі, прызнанымі ў адпаведнасці з артыкулам 17 Падатковага кодэкса падатковымі рэзідэнтамі Беларусі, падлягаюць падаткаабкладанню падаткам на асабісты прыбытак”. Крыніца падкрэслівае, што сп. Бяляцкі быў заключаны пад варту па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (гл. артыкул 243 (2) Крымінальнага кодэкса) пасля таго, як беларускія падатковыя органы памылкова палічылі, што грошы на рахунках, якія знаходзіліся ў Літве і Польшчы, з’яўляюцца асабістым прыбыткам Бяляцкага, і абвінавацілі яго ў іх ўтойванні. Гэтыя грошы, якія былі перададзеныя буйнымі міжнароднымі арганізацыямі з мэтай фінансавання рэгулярнай праваабарончай дзейнасці, ніколі не выкарыстоўваліся сп. Бяляцкім як асабістыя сродкі, але для фінансавання законнай дзейнасці праваабарончага цэнтра "Вясна".


34. Паводле крыніцы, сп. Бяляцкі заўсёды настойваў на сваёй невінаватасці ў дачыненні да абвінавачванняў, вылучаных супраць яго. У ходзе папярэдняга следства і на працягу ўсяго судовага разбіральніцтва, ён неаднаразова заяўляў, што грошы, якія шэраг замежных фондаў і арганізацый перавялі на рахункі, адкрытыя на яго імя ў Польшчы і Літве, выкарыстоўваліся выключна для фінансавання праваабарончай дзейнасці ПЦ “Вясна”. Права на свабоду аб'яднання, гарантаванае артыкулам 22 МПГПП, уключае ў сябе не толькі стварэнне аб'яднанняў, але і ўсе іх наступныя дзеянні. Не існуе эфектыўнага спосабу ажыццяўлення такой дзейнасці без доступу да сродкаў.


35. Права праваабаронцаў і праваабарончых арганізацыяў запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спецыяльна для заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў мірнымі сродкамі замацаванае ў артыкуле 13 Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (гл. Дэкларацыю ААН аб праваабаронцах), прынятай Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў 9 снежня 1988 года. Дэкларацыя прадугледжвае спецыяльную абарону для праваабаронцаў, у тым ліку права запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спецыяльна для мэтаў абароны правоў чалавека (у тым ліку атрыманне сродкаў з-за мяжы).


36. Крыніца нагадвае, што ўлады скасавалі афіцыйную рэгістрацыю Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў 2003 годзе, потым у 2007 годзе, а пасля канчаткова адмовілі яму ў афіцыйнай перарэгістрацыі ў 2009 годзе. Адмова ў рэгістрацыі не дазволіла арганізацыі адкрыць банкаўскі рахунак у Беларусі для таго, каб атрымліваць сродкі на гэты рахунак, і аплаціць (або быць вызваленымі ад) падаткі на атрыманыя сродкі. Акрамя таго, Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь строга абмяжоўвае права арганізацыяў на атрыманне дабрачынных узносаў з-за мяжы, якія могуць быць выкарыстаныя толькі для максімальна абмежаваных мэтаў, якія выключаюць праваабарончую дзейнасць.


37. Урад, такім чынам, адсек усе магчымасці для фінансавання праваабарончай дзейнасці арганізацыі. Гэты закон супярэчыць артыкулу 13 Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах і парушае артыкул 22 МПГПП. Адпаведна, сродкі, якія выдаткоўваюцца на праваабарончую дзейнасць ПЦ “Вясна”, давялося накіроўваць праз літоўскія і польскія банкаўскія рахункі толькі таму, што арганізацыі сістэматычна адмаўлялі ў рэгістрацыі, у парушэнне артыкула 22 МПГПП, і таму, што артыкул 193 (1) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь крыміналізуе дзейнасць "ад імя незарэгістраваных арганізацыяў".


38. Такім чынам, крыніца нагадвае, што вынясенне прысуду і зняволенне сп. Бяляцкага з’яўляюцца адвольнымі, паколькі яны выцякаюць з ажыццяўлення ім агульнапрызнаных правоў чалавека, крыміналізаваных заканадаўствам Беларусі.

 

Абмеркаванне


39. Сп. Бяляцкі быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ў 2011 годзе, і гэта рашэнне было пакінутае ў сіле сёлета. Як заяўляе крыніца, цэнтральнае месца ў справе займаюць заявы сп. Бяляцкага аб тым, што сродкі, атрыманыя на замежныя рахункі, былі часткай кампаніі збору сродкаў для няўрадавай арганізацыі “Вясна”, якую ўрад пазбавіў рэгістрацыі і прыняў захады для яе закрыцця.


40. Камітэт па правах чалавека ААН зрабіў пэўныя высновы ў сваім паведамленні № 1296/2004, заявіўшы, што ліквідацыя “Вясны” з'яўляецца парушэннем свабоды аб'яднанняў, гарантаванай артыкулам 22 МПГПП.


41. Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях становішча праваабаронцаў Маргарэт Секаггія, якая займалася разглядам справы, у сваім дакладзе ад 24 лютага 2010 года выклала сітуацыю наступным чынам:

Была выказаная заклапочанасць з нагоды таго, што паўторныя і сталыя адмовы ў рэгістрацыі
праваабарончай арганізацыі “Вясна” могуць быць звязаныя з яе дзейнасцю ў прасоўванні
і абароне правоў чалавека, у прыватнасці, з яе кампаніяй за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя гэтага, была выказаная заклапочанасць з нагоды таго, што гэты прысуд, а таксама паўторныя адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі, з'яўляюцца парушэннем міжнародных стандартаў, у
прыватнасці, артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах,
ўдзельнікам якога з'яўляецца Беларусь, і супярэчаць рашэнню Камітэт па правах чалавека ААН і рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (A/HRC/13/22/Add. 1, пункт 140).


42. У дакладзе камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па правах чалавека аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выкладзена наступнае:

Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама неаднаразова станавіўся ахвярай дзеянняў ўладаў. З часу адмены яго рэгістрацыі ў 2003 годзе, беларускія ўлады пагражалі старшыні “Вясны” Алесю Бяляцкаму (таксама віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і сябра Беларускай
Асацыяцыя журналістаў) крымінальным пераследам за “незаконную дзейнасць ад імя НДА” (Крымінальны кодэкс, артыкул 193.1). Апошняе папярэджанне было вынесенае ў красавіку 2011 года.
Як паведамляецца, 20 снежня 2010 года супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у офісе “Вясны”, канфіскавалі кампутары і дакументацыю, а таксама затрымалі 10 супрацоўнікаў, якія былі вызваленыя у той жа дзень. 4 жніўня 2011 г., сп. Бяляцкі быў зноў арыштаваны, змешчаны ў
СІЗА Міністэрства ўнутраных справаў і абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

24 лістапада ён быў прысуджаны судом Першамайскага раёна г. Менска да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі маёмасці. Сп. Бяляцкі быў асуджаны за “ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” (Крымінальны кодэкс, арт. 243.2). Суд пастанавіў, што сп. Бяляцкі наўмысна пазбягаў выплаты падаткаў з грошай, якія ён нібыта захоўваў на банкаўскіх рахунках за мяжой; суд праігнараваў той факт, што гэтыя грошы не былі асабістым прыбыткам Бяляцкага. Ён абскардзіў прысуд, які быў, аднак, пакінуты ў сіле 24 снежня 2011 г. судом горада Менска. У лютым 2012 года сп. Бяляцкі быў дастаўлены ў Бабруйскую папраўчую калонію № 2. Іншы сябра “Вясны”, Валянцін Стэфановіч, быў таксама прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, і 16 снежня 2011 г. суд у Менску прысудзіў яго да штрафу за ўтойванне прыбыткаў (A/HRC/20/8, пункт 62).


43. У главе IV “Высноваў і рэкамендацыяў” Дакладу Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была зробленая
наступная рэкамендацыя:

(е) пакласці неадкладны канец усім формам ціску і рэпрэсіяў супраць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, а таксама асобных праваабаронцаў, і неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, і зняць абвінавачванні, вылучаныя супраць яго, і іншых праваабаронцаў (A/HRC/20/8, пункт 75).


44. Працоўная група разгледзела прадастаўленыя дакументы, у прыватнасці, інфармацыю ўрада аб рашэннях суда першай і апеляцыйнай інстанцыяў у дачыненні да сп. Бяляцкага ў 2011 і 2012 гадах. Яна таксама разгледзела інфармацыю крыніцы і прэтэнзіі сп. Бяляцкага пра тое, што сродкі, атрыманыя на замежныя рахункі былі часткай кампаніі збору сродкаў для няўрадавай арганізацыі “Вясна”.


45. Працоўная група адзначае, што ў гэтым выпадку не існуе імунітэту для праваабаронцаў у дачыненні да крымінальных справаў такога роду. Тым не менш, дзеянні ўрада павінны паважаць ажыццяўленне правоў чалавека, і ўрады маюць канкрэтныя абавязкі па абароне праваабаронцаў у ад розных формаў пераследу, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў сваёй дзейнасці. Пры наяўнасці прэтэнзіяў аб парушэнні правоў чалавека ў гэтым кантэксце, у тым ліку карціны пераследу, мясцовыя ўлады і міжнародныя наглядныя органы павінны ўжываць павышаны стандарт ацэнкі дзеянняў урада. Мясцовыя ўлады абавязаныя правесці расследаванне, і расследаванне павінна быць незалежным, як у арганізацыйным плане, так і на практыцы, а таксама хуткім.


46. У дадзенай справе не існуе ніякай падтрымкі для правядзення такога расследавання нацыянальнымі ўладамі, нягледзячы на ​​тое, што існуе цесная сувязь паміж бесперапынным пераследам у дачыненні да сп. Бяляцкага і працай яго калегаў у “Вясне”, той факт, што арганізацыя зазнала перашкоды з боку уладаў у ажыццяўленні сваёй дзейнасці. Гэта асабліва кідаецца ў вочы ў святле рэзкай крытыкі, выказанай міжнароднымі органамі, як паказана вышэй, а таксама высноваў Камітэта па правах чалавека што да парушэння артыкула 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 МПГПП, у сувязі з ліквідацыяй “Вясны”.


47. Судовыя рашэнні, вынесеныя у дачыненні да сп. Бяляцкага, не ўлічваюць яго сцверджанняў аб тым, што сродкі, атрыманыя на рахункі за мяжой, былі часткай збору сродкаў для дзейнасці “Вясны”. Інфармацыя, прадастаўленая Працоўнай групе ўрадам, таксама не дапамагае ў гэтым сэнсе. Працоўная група падкрэслівае, што крымінальная адказнасць не можа быць заснаваная на папярэдніх захадах урада па адмене рэгістрацыі і ліквідацыі няўрадавай арганізацыі “Вясна” ў парушэнне артыкула 20, пункта 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 МПГПП. Такія дзеянні ўрада будуць мець непрадказальны эфект у публічным або прыватным праве, і не будуць служыць асновай для далейшай крымінальнай вытворчасці.


48. Акрамя таго, Працоўная група адзначае, што палажэнні крымінальнага заканадаўства ў Беларусі, якія былі выкарыстаныя ў справе сп. Бяляцкага, не пералічваюць дзейнасць, звязаную з правамі чалавека, сярод мэтаў, якія дазваляюць вызваленне ад выплаты падаткаў. У сувязі з гэтым Працоўная група падкрэслівае, што ў адпаведнасці з артыкулам 22 МПГПП, дзяржавы-ўдзельніцы звязаныя не толькі негатыўным абавязальніцтвам не ўмешвацца ў стварэнне аб'яднанняў, або іх дзейнасць, але пазітыўным абавязальніцтвам забяспечваць прававую аснову для уключэння ў такую дзейнасць юрыдычных асобаў. На думку Працоўнай групы, такія захады, як садзейнічанне задачам асацыяцыяў шляхам дзяржаўнага фінансавання або дазволу на вызваленне ад падаткаў на сродкі, атрыманыя з-за межаў краіны, ўваходзяць у сферу пазітыўнага абавязальніцтва у адпаведнасці з артыкулам 22 МПГПП. Нарэшце, дзяржавы абавязаныя абараняць стварэнне або дзейнасць асацыяцыяў ад умяшальніцтва з боку прыватных асобаў.


49. Працоўная група таксама нагадвае, што ў адпаведнасці з артыкулам 22, пунктам 2 МПГПП, любыя абмежаванні права на свабоду аб'яднанняў павінны ў сукупнасці адпавядаць наступным умовам: (а) яны павінны быць прадугледжаныя законам; (b) могуць быць уведзеныя толькі для адной з мэтаў, выкладзеных у пункце 2, і (с) павінны быць “неабходнымі у дэмакратычным грамадстве” для дасягнення адной з гэтых мэтаў. Урад не ўстанавіў ніводную з гэтых умоваў, каб апраўдаць свае дзеянні па адмове ў рэгістрацыі “Вясны”, пераследуючы яе сяброў і перашкаджаючы яе дзейнасці.


50. У гэтых умовах, Працоўная група лічыць, што збор сродкаў, які ажыццяўляў сп. Бяляцкі для мэтаў, якія б дазволілі само існаванне “Вясны” і працяг яе дзейнасці, адпавядалі правам, замацаваным у артыкуле 20, пункце 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкуле 22 МПГПП. Працоўная група з заклапочанасцю адзначае, што палажэнні крымінальнага заканадаўства, выкарыстаныя ў дачыненні да сп. Бяляцкага, не прымаюць пад увагу вышэйзгаданыя стандарты. Працоўная група прыйшла да высновы аб тым, што вынясенне прысуду і зняволенне сп. Бяляцкага з’яўляюцца парушэннем артыкула 20, пункта 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 МПГПП.


Рашэнне па справе


51. У святле вышэйзгаданага, Працоўная група выносіць наступнае меркаванне:

Пазбаўленне волі сп. Аляксандра Віктаравіча Бяляцкага з'яўляецца адвольным, паколькі яно супярэчыць артыкулу 20, пункту 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 МПГПП. Затрыманне падпадае пад катэгорыю II сярод катэгорыяў, якія ўжываюцца пры разглядзе справаў, перададзеных на разгляд Працоўнай групы,


52. З улікам гэтага Меркавання, Працоўная група просіць урад прыняць неабходныя захады для выпраўлення становішча сп. Бяляцкага і прывесці яго ў адпаведнасць з нормамі і прынцыпамі, выкладзенымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і МПГПП.


53. Працоўная група падкрэслівае, што адэкватнымі сродкамі прававой абароны з’яўляецца вызваленне сп. Бяляцкага і наданне яму законнага права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, пунктам 5 МПГПП.

[Прынята 31 жніўня 2012 г.]

Дакумент пададзены ў перакладзе ПЦ "Вясна"

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства