viasna on patreon

Ці адкажуць чыноўнікі за «сьпіс невыязных»?

2013 2013-01-22T08:44:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Маскоўскі суд Менску разгледзеў 21 студзеня пазоў старшыні юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйлы да шэрагу дзяржаўных органаў аб кампэнсацыі маральнай шкоды з-за неправамернага ўнясеньня яго ў сьпісы невыязных з краіны. Рашэньне будзе агучана 23 студзеня.

У якасьці падставы для забароны на выезд указвалася тое, што праваабаронца нібыта зьяўляецца даўжніком ці зацікаўленай асобай адносна даўжніка па справе аб банкруцтве. Яму спатрэбілася тры месяцы, каб дамагчыся выключэньня з гэтага сьпісу. У МУС спаслаліся на тэхнічны збой.

Адказчыкамі выступаюць Міністэрства фінансаў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў. Іх прадстаўнікі заявілі, што не прызнаюць прэтэнзіі Гары Паганяйлы, аднак спрабавалі перакласьці віну адны на адных. Прадстаўнік Мінфіну адзначыў, што калі суд прыме рашэньне аб спагнаньні шкоды, то яе павінна выплаціць іншае міністэрства, якое будзе прызнана вінаватым. Паводле прадстаўніка Мін’юсту, суды не перадавалі інфармацыі аб уключэньні Паганяйлы ў банк невыязных, і такога рашэньня ў іх не прымалася. Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун прадставіў суду пярэчаньні на пазоў Паганяйлы. У судзе ён даводзіў, што ўстанавіць канкрэтную асобу, якая вінаватая ва ўнясеньні Паганяйлы ў сьпіс, немагчыма. Таксама немагчыма выняць сэрвэры для тэхнічнай экспэртызы, бо гэта прывядзе да поўнага паралічу сыстэмы памежнага кантролю на 30–40 сутак. Паводле Бегуна, хоць у архіве і ёсьць дакумэнт аб абмежаваньні выезду, але ні дастаць, ні раздрукаваць яго немагчыма. Гэтаксама немагчыма, зь ягоных слоў, прадставіць дакумэнт, паводле якога Паганяйлу быў дазволены выезд. Бягун заявіў у судзе:

«Тэхнічна зьвесткі пра вас у банку дадзеных апынуліся. Устанавіць, як гэта адбылося, не ўяўляецца магчымым. У банку дадзеных было адлюстравана,што зьвесткі ўнесла Міністэрства юстыцыі. Праведзенай праверкай было ўстаноўлена,што ад Мін’юсту гэтыя зьвесткі не паступалі. Тое, што бачылі вы на экране і што бачылі карыстальнікі, гэта вам нічога ня дасьць. Гэты карыстальнік ня бачны. Па скаргах пазоўніка, якія не адзін раз паступалі ў МУС, была праведзена поўная праверка і ёсьць адпаведнае рашэньне. Больш нічога тлумачыць ня буду і не хачу».

Хоць суд і не задаволіў хадайніцтва Паганяйлы аб выманьні неабходных дакумэнтаў з архіву, пазоўнік будзе патрабаваць гэтага празь іншыя інстытуты. У сваім слове праваабаронца заявіў, што «мы маем справу з фальсыфікацыяй зьвестак». Ён адзначыў, што з гэтай прычыны больш за тры месяцы парушалася яго права на выезд.

«Маё права на чэснае імя было парушана. Маё права на годнасьць і гонар таксама было парушана. Бо тыя падставы, паводле якіх мне было абмежавана права на выезд, зьяўляюцца ў грамадзкай думцы дыскрэдытуючымі мяне як грамадзяніна і грамадзкага дзеяча. За сваё чэснае імя я вымушаны быў змагацца і дагэтуль змагаюся. Таму я прашу суд спагнаць зь Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў, за якіх павінна несьці адказнасьць казна РБ, 3 мільёны рублёў і 300 тысяч вяртаньня дзяржпошліны».

У судзе выступілі сьведкі — праваабаронцы Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч, якія таксама былі з-за тэхнічнага збою ўключаныя ў сьпіс невыязных. Усяго забарона на выезд тычылася 17 апазыцыянэраў, журналістаў і актывістаў. Стэфановіч сумняваецца, што пазоў будзе задаволены, бо даверу да судоў няма, калі гэта тычыцца такіх рэзанансных спраў. Але калі пазоў Паганяйлы будзе задаволены, то ён таксама будзе дамагацца кампэнсацыі маральнай шкоды:

«У мяне няма ніякіх сумневаў, што гэта сплянаваная акцыя ўладаў да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў па абмежаваньні канстытуцыйных правоў».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства