viasna on patreon

На гэтым тыдні паводле крымінальных палітычных справаў судзілі 66 чалавек, палову з якіх — за ўдзел у пратэстах 2020 года

2024 2024-10-25T17:42:54+0300 2024-10-28T17:04:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zolatava-sud-1-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 кастрычніка анансавалі дату сёмых прэзідэнцкіх выбараў, а тым часам па ўсёй Беларусі актыўна праходзяць суды за ўдзел у акцыях пратэсту і іншую палітычную актыўнасць грамадзян на знак нязгоды з фальсіфікаванымі вынікамі выбараў у 2020 годзе. Апроч гэтага, беларусаў і беларусак працягваюць судзіць за каментары ў сацсетках, кваліфікуючы іх як "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "паклёп ці абраза" Лукашэнкі, "абраза прадстаўнікаўлады". Так, па ўсёй Беларусі на гэтым тыдні мінімум 66 чалавек судзілі паводле крымінальных палітычных справаў. З 54 працэсаў мінімум 11 праходзілі ў закрытым рэжыме."Вясна" распавядае пра судовыя крымінальныя працэсы паводле палітычных матываў з 21 па 25-га кастрычніка. 

Суд над Марынай Золатавай. Фота ПЦ
Ілюстрацыйнае фота

Мінімум 35 чалавек за пяць дзён судзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе за пяць дзён асудзілі 35 чалавек. Як піша "Берасцейская Вясна", у Брэсце 23 і 24 кастрычніка судзілі адразу шэсць чалавек за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года: Андрэя Карчагу, Ірыну Сароку, Таісію Літвінаву, Сяргея Пятручыка, Дзмітрыя Буланава, Валера Мароза. Справу разглядаў суддзя Святаслаў Каліна.

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 25 кастрычніка за ўдзел у пратэстах судзілі сем'ямі: Ларысу і Алега Петрашкевічаў, Сяргея і Юлію Купрыенкаў. Працэс на чатыры фігуранты вяла суддзя Юлія Крэпская.

24 кастрычніка ў Мінску распачаўся суд над беларускай, якую летам затрымалі пасля вяртання з-за мяжы. Кацярыну Быстракову абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу дзяўчыны разглядаюць у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Працэс вядзе суддзя Іна Сівец. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзяўчына была за мяжой некалькі гадоў, але ў жніўні была затрымана па вяртанні ў Беларусь. На "пакаяльным відэа" яе прымусілі распавесці, як ёй было цяжка ў іншых краінах свету, па якіх яна вандравала, таму яна "прыняла рашэнне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, развівацца і ствараць сям'ю на нашай беларускай зямлі". Паведамлялася, што ў яе тэлефоне знайшлі "доказы ўдзелу ў пратэсце".

Паводле інфармацыі "Вясны", агулам з 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі мінімум 2740 чалавек.

Суды за каментары пра Лукашэнку, тэракт у "Крокусе", Вялікую айчынную вайну і заклікі да санкцый

На фоне навіны аб намеры Аляксандра Лукашэнкі ў сёмы раз вылучацца ў прэзідэнты не спыняюцца крымінальныя суды за каментары пра яго, якія кваліфікуюць як яго абразу і паклёп. Так, з 21 па 25 кастрычніка адбылося 11 судоў за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК), чатыры чалавекі судзілі за "паклёп на Лукашэнку". Агулам з 2020 года паводле арт. 368 КК асудзілі не меней за 950 чалавек, а за "паклёп у дачыненні да Лукашэнкі" мінімум 258 чалавек. Большасці асуджаным па гэтых артыкулах прызначаюць пазбаўленне волі.

22 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачалі судзіць 44-гадовага Рамана Якімёнка, якога затрымалі за каментары пра тэракт у "Крокусе". Мужчыну абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што мужчыну затрымалі ў сакавіку 2024 году за каментары аб тэракце ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». На "пакаяльным відэа" мужчыну прымусілі сказаць, што яго затрымалі за негатыўныя каментары, а таксама за адпраўку паведамленняў у чат-бот Nexta. Суддзя — Вера Галаўкова.

У Мінскім гарадскім судзе 23 кастрычніка распачаўся суд над 54-гадовым жыхаром Мінскага раёна Андрэм Савіцкім. Яго абвінавачваюць у "адмаўленні генацыду беларускага народа" (ч. 1 арт. 130-2 КК) і "абразе" Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) у "Аднакласніках". Першы суд у Беларусі за "адмаўленне генацыду" даручылі весці суддзі Яўгену Пісарэвічу, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы. Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме.

54-гадовага жыхара Міншчыны судзяць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"

Нагадаем, Закон "Аб генацыдзе беларускага народа" Лукашэнка падпісаў 5 студзеня 2022 года.

У Мінскім гарадскім судзе разглядалі крымінальную справу супраць Арцёма Ліцевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Мужчыне пагражае да 12 гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Алена Ананіч.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" з верасня 2021 года ў Беларусі за "заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (арт. 361 КК) асудзілі мінімум 99 чалавек.

Пераслед украінцаў

За "агентурную дзейнасць" толькі на гэтым тыдні судзілі чатырох украінцаў: Івана Ліхалата, Вячаслава Бародзія, сына і бацьку Паўла і Сяргея Кабарчукоў. Апошнім прызначылі па 20 гадоў калоніі і штраф 700 базавых велічыняў кожнаму (28 тысяч рублёў). Агулам у зняволенні ўтрымліваецца не меней за 12 грамадзян Украіны.

Не меней за 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах

"Вясна" распавядае гісторыі палітзняволеных украінцаў, якія цяпер утрымліваюцца ў беларускіх месцах няволі.

Тры суды за данаты

На гэтым тыдні ў Віцебску судзілі дваіх чалавек за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). У Віцебскім абласным судзе 21 кастрычніка паводле гэтага артыкула пачалі судзіць 48-гадовага айцішніка з Сянно Валера Мефадзіенкі. Яму таксама інкрымінуюць арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Судзілі за данаты ў Віцебску Юрый Урбан

24 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе паводле арт. 361-2 КК пачалі судзіць Вячаслава Ляхава. Яго справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Яўген Буруноў.

Гульца ў покер, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі, Міхаіла Фандо судзяць за данат у падтрымку Украіну (ч. 2 арт. 361-3 КК). Яго абвінавачваюць у "дапамозе ці іншым матэрыяльным забеспячэнні вайны". Справу разглядае суддзя Любоў Сімахіна, якая выносіць палітычныя прысуды з 2011 года.

Чатыры чалавекі судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Паводле арт. 361-4 КК людзей судзяць, напрыклад, грашовыя пераводы і перадачы палітвязням, інтэрв’ю незалежным СМІ ці перадача інфармацыі ў боты медыя.

Паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) на гэтым тыдні судзілі чатырох чалавек. Сярод іх 41-гадовы Віталь Чопік, якога затрымалі сем месяцаў таму за наведванне палітычна матываваных судоў. Яго справу суддзя Яўген Брэган разглядае ў закрытым рэжыме.

За наведванне палітычных працэсаў у Брэсце судзяць Віталя Чопіка

Пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё).

Шэсць чалавек за тыдзень судзілі за "здраду дзяржаве"

На гэтым тыдні ажно шэсць чалавек судзілі па артыкуле за "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК). Гэта аналітык Андрэй Паротнікаў, муж і жонка з Баранавіч Уладзіслаў і Таццяна Кашчэевы, а таксама Мікалая Ласоўскага, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча.

У Брэсце за "здраду дзяржаве" судзяць мужа і жонку з Баранавіч

Уладзіславу і Таццяне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле арт. 356 КК у Беларусі з 2020 года асудзілі мінімум 85 чалавек на тэрміны да 25 гадоў калоніі.

"Перашкода выбарам"

Аналітыка Андрэя Паротнікава агулам абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх — ч. 2 арт. 191 КК (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў). З 16 кастрычніка яго судзіць Вячаслаў Тулейка. Па гэтым артыкуле ў Беларусі пасля 2020 года асудзілі не меней 21 чалавека.

Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію

З 21 па 25 кастрычніка адбылося 14 працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам у кастрычніку ў Беларусі адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 45 судоў па замене пакарання асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі") на пазбаўленне волі.

"Канвеер па замене абмежавання волі на пазбаўленне запрацаваў на ўсю моц": юрыст "Вясны" пра ціск на былых палітвязняў

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў новую практыку ўладаў па пераследзе былых палітвязняў.

Рэпрэсіўныя суддзі

За тыдзень найбольш крымінальных справаў разгледзела Юльяна Шчэрба з суда Цэнтральнага раёна Мінска. Паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) яна асудзіла пяць чалавек. На рахунку гэтай суддзі з 2020 года лічыцца не меней 99 асуджаных паводле палітычных крымінальных справаў.

У Гомельскім абласным судзе Яўген Шаршнёў разглядаў на гэтым тыдні адразу дзве гучныя крымінальныя справы, паводле якіх украінцаў судзілі, у тым ліку за "агентурную дзейнасць". Ён прызначыў сыну і бацьку Кабарчукам па 20 гадоў калоніі і паралельна разглядае справу супраць украінскага егера Вячаслава Бародзія і двух беларусаў. Агулам Шаршнёў асудзіў мінімум 22 чалавекі па палітычна матываваных крымінальных справах.

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса суддзя Іна Сівец судзіла дваіх чалавек. З 2020 года яна асудзіла па палітычных справах не меней за 68 чалавек, у асноўным гэта пратэстоўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства