Першая гадавіна пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта адзначаецца сёньня
У гэты дзень, роўна год таму, у Менску адбыліся шматтысячныя пратэсты беларусаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Кастрычніцкая плошча, на якую менчукі выйшлі адразу пасля закрыцьця выбарчых участкаў, была перайменавана ў плошчу Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі.
Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі не былі прызнаныя міжнароднымі экспертамі і назіральнікамі свабоднымі і справядлівымі. Незалежныя эксперты сцвярджаюць, што адзіны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч набраў больш за 30% галасоў беларусаў і большасці менчукоў. З улікам таго, што за двух іншых кандыдатаў прагаласавала каля 20 адсоткаў і шмат людзей галасавалі супраць усіх, Мілінкевіч павінен быў выйсці ў другі тур супраць Лукашэнкі. Напрыканцы мінулага году і сам Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя.
На мінулым тыдні ва многіх краінах сьвету распачаўся “Тыдзень салідарнасці з Беларуссю”, прымеркаваны да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акцыі у падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі праходзяць у Чэхіі, Польшчы, Амерыцы і іншых краінах. Гэтыя акцыі працягнуцца да 25 сакавіка, калі беларусы зноў выйдуць на плошчу Каліноўскага, каб адзначыць нацыянальнае свята Дзень Волі.
Сёньня на 20-00 вечара прызначаны флэш-моб на Кастрычніцкім пляцы, які ладзяць актывісты моладзевага дэмакратычнага руху. Яны разьлічваюць, што ў акцыі, якая прысьвечана падзеям 19 сакавіка 2006 году, возьмуць удзел некалькі дзесяткаў чалавек, паведамляе Радыё Свабода.
Арганізатары флэш-мобу прапануюць удзельнікам акцыі прыйсьці на Кастрычніцкі пляц а 8-й вечара і пастаяць некалькі хвілінаў без сьцягоў і транспарантаў. Кіроўцам аўтамабіляў прапануюць сыгналіць на знак салідарнасьці з удзельнікамі акцыі і тымі людзьмі, якія год таму сабраліся на плошчы ў дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
Актывісты разьлічваюць на тое, што, паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу аб правапарушэньнях, міліцыянты ня змогуць абвінаваціць іх ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а абвінаваціць адразу некалькі дзесяткаў чалавек у тым, што яны адначасова спраўлялі натуральную патрэбу ці ўжывалі лаянку, таксама будзе немагчыма.
З нагоды першай гадавіны падзеяў на Кастрычніцкай плошчы сёньня ва Управе Партыі БНФ пройдзе паказ кінафільмаў пра сакавіцкія падзеі ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў.
На Кінафэсце «Вясна 2006» будуць прэзентаваны фільмы «Плошча» Ю. Хашчавацкага, прэм’ера стужкі «У сьнягах драмае вясна» Сяргея Патаранскага і «Урок беларускай мовы» М. Дэмбіньскага. У мерапрыемстве прымуць удзел і рэжысёры гэтых мастацкіх кінасведчаньняў. Плануецца, што ў перапынках будуць паказаныя аматарскія ролікі з гарачай Вясны-2006.