Салігорск: Касацыйная скарга на забарону пікету да Дня Волі будзе разгледжана 20 чэрвеня
Суд Салігорскага раёна накріаваў справу па скарзе Уладзіміра Шылы на забарону пікету да Дня Волі ў Мінскі абласны суд для разгляду ў касацыйным парадку. Слуханні па справе адбудуцца 20 чэрвеня ў 10 гадзін.
Яўка бакоў на судовае паседжанне не з’яўляецца абавязковай. Зрэшты, і сам заяўнік асаблівага сэнсу ў сваёй прысутнасці пры разглядзе справы не бачыць:
- Усе аргументы я падрабязна выклаў на паперы. Як сведчыць практыка, разгляд такіх скарагаў у касацыйным парадку носіць фармальны характар, таму асаблівага сэнсу ехаць за 140 кіламетраў ад дому не бачу, - кажа Уладзімір Шыла.
І хоць да судовага паседжання яшчэ далёка, а пра яго негатыўны вынік казаць са стоадсоткавай упэўненасцю ўсё ж такі зарана, актывіст ужо заяўляе пра сваю гатоўнасць звярнуцца са скаргай і ў Канстытуцыйны суд:
- У мінулым годзе салігорскімі ўладамі было забаронена некалькі дзясяткаў пікетаў. Значную частку з іх спрабаваў арганізаваць я асабіста, але ніводнага дазволу на правядзенне не атрымаў. У гэтым годзе сітуацыя паўтараецца. Думаю, гэта добрая нагода для звароту ў Канстытуцыйны суд, - лічыць Уладзімір Шыла. - Разумею, што ў нашай краіне грамадзяне не валодаюць правам наўпроствага звароту ў гэтую інстанцыю, але нішто не забараняе суду прыняць рашэнне паводле такога звароту. Салігорскі выканкам з’яўляецца відавочным парушальнікам гарантаванай Канстытуцыяй свабоды сходаў, мітынгаў ды пікетаванняў.
Па словах Уладзіміра Шылы, у падрыхтоўцы скаргі ў Канстытуцыйны суд яму актыўна дапамагаюць мясцовыя прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту.