viasna on patreon

Ігар Пастноў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН

2014 2014-03-07T10:52:50+0300 2014-03-07T10:52:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pastnou-igar-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Скарга датычыць судовага рашэння наконт накіравання яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы. Ігар Пастноў лічыць, што падчас суду ў дачыненні да яго асобы было парушана адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Віцебскаму “урачу-праўдарубу”, якога гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне неўзабаве пасля чарговага відэавыступу з крытыкай мясцовых уладаў і сістэмы аховы здароўя, не ўдалося абскардзіць рашэнне раённага суда, вынесенае суддзёй Тацянай Дзегцяровай.

Ягоныя сведчанні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псіхіятрычнага шпіталю ўвогуле не дазволіла звярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судом.

Ігар Пастноў лічыць, што змяшчэнне ў “псіхушку” было абумоўлена палітычнымі прычынамі – тым, што ён наважыўся на аб’ектыўную крытыку асоб, надзеленых уладай, у тым ліку старшыні Віцебскага аблвыканкама. Прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ён лічыць расправай за вальнадумства і грамадзянскую пазіцыю. Паколькі ён сам урач-псіхіятар па спецыяльнасці, то выказвае сумнёвы і ў правільнасці псіхіятрычнага дыягназу, які яму паставілі.

Падкрэсліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разбіральніцтва, ён просіць Камітэт па правах чалавека ААН прыняць ягоны зварот да разгляду, прызнаць яго абгрунтаваным, а дзяржаву, Рэспубліку Беларусь, прызнаць парушальніцай шэрагу артыкулаў і пунктаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязаць кампенсаваць судовыя выдаткі і маральную шкоду.

Ігар Пастноў стаў вядомай асобай як у Віцебску, так і ва ўсёй Беларусі пасля таго, як трапіў пад ціск за свае крытычныя відэавыступы. Паводле вынікаў галасавання на сайце "Народныя Навіны Віцебска", ён атрымаў другое месца ў конкурсе “Чалавека года Віцебска” , набраўшы 28% галасоў ад колькасці прагаласаваўшых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства