Незалежнага журналіста Максіма Хлябца выклікаюць у міліцыю сведкам
Чарговага незалежнага журналіста з Берасця выклікаюць у міліцыю. Як распавёў Максім Хлябец, яму спярша патэлефанавалі і “запрасілі” ў Ленінскі РАУС па "некаторых пытаннях". Журналіст адмовіўся і папрасіў даслаць позву.
Як распавёў Максім, пасля тэлефонннага званка ён неўзабаве атрымаў позву, хоць быў у той час не ў Берасці.
Максім Хлябец:
- Я ім сказаў, каб яны даслалі позву. Яны патэлефанавалі на мабільны, прычым мой мабільны не зарэгістраваны на мяне, але неяк яны яго адшукалі, патэлефанавалі і, не прадстаўляючыся, проста папрасілі, каб я сказаў, дзе я знаходжуся зараз, і каб прыйшоў у Ленінскі РАУС. Я сказаў, каб мне даслалі позву, а яны сказалі, што нічога крымінальнага, маўляў, не хвалюйся, толькі некалькі пытанняў зададуць і ўсё. Я кажу, што я не ў Берасці і таму не змагу. А яны спыталі: а дзе ты жывеш? Пачалі даведвацца, дзе я жыву ў Берасці, такія пытанні дзіўныя задаваць.
Паводле афіцыйнай версіі Максіма Хлябца выклікаюць у Ленінскі РАУС горада Берасця ў якасці сведкі.