Экс-кандыдат скардзіцца ў ЦВК на ігнараванне ягоных скаргаў
Былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч 4 красавіка падаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам.
Валерый Каранкевіч скардзіцца на тое, што Хоцімскія раённая, акруговая і Магілёўская абласная выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў так і не далі адказаў на яго скаргі, у якіх ён указваў на грубыя парушэнні працэдуры галасавання на выбарчых участках №1 і №3 у Хоцімску і просіў выбарчыя камісіі правесці пералік выбарчых бюлетэняў на дадзеных участках. Між тым, гэтыя скаргі былі пададзеныя ў выбарчыя камісіі яшчэ 26 сакавіка.
“Я асабіста падаў і зарэгістраваў сваю скаргу ў Цэнтрвыбаркаме 4 красавіка, - распавядае Валерый Каранкевіч. – На мае папярэднія скаргі так і не далі адказу ні ў раённай, ні ў акруговай, ні ў Магілёўскай абласной выбарчай камісіях, паўсюдна проста “адфутболівалі”, пасылаючы з адной камісіі ў другую. Таму я вымушаны быў звярнуцца непасрэдна ў ЦВК”.
Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20-00 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на ўваходзе ў Інтэрнацыянальны выбарчы участак №3 у Хоцімску. Кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэней.
Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго адмыслова, каб не даць магчымасці прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў на ўчастку №3 у Хоцімску.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”