Мінгарсуд не задаволіў касацыйную скаргу актывіста АГП Бабілы
Актывіста затрымалі 16 сакавіка ў Мінску каля Камароўскага рынку рамазм з іншымі ўдзельнікамі пікета Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Ім інкрымінавалі парушэнне арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Удзельнікі пікета, які быў узгоднены з уладамі як перадвыбарны, трымалі партрэты 10 беларускіх палітзняволеных, а таксама бясследна зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.
Усяго было затрымана каля 10 чалавек, у тым ліку старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік беларускага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі (яму – 73 гады), першы намеснік старшыні аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Аляксандр Арастовіч, відэааператары Алесь Сіліч і Генадзь Верацінскі. Іх даставілі ва УУС Савецкага раёна.
17 сакавіка ў судзе Савецкага раёна суддзя Якубоўскі прызнаў Міхаіла Бабілу вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту.
Сёння стала вядома, што Мінгарсуд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда. Суддзя Хаткевіч не задаволіў скаргу актывіста АГП.