Брэст: акцыя салідарнасці з палітычным зняволеным Мікалаем Дзядком (фота)
Падчас акцыі мясцовыя анархісты змясцілі вялікія плакаты з партрэтам Мікалая Дзядка на розных гарадскіх пляцоўках. Такім чынам рабілася спроба прыцягнуць увагу грамадскасці да лёсу палітычнага вязня, асуджанага 26 лютага ў Магілёўскай турме да дадатковага году зняволення.
Акрамя плакатаў брэсцкія прыхільнікі анархізму раскідалі некалькі дзясяткаў улётак і ўсталявалі банер з лозунгам “Свабоду палітвязням і анархістам” насупраць аднаго са шматлюдных прыпынкаў у цэнтры горада. Як паведамілі арганізатары акцыі, яе мэтаю было выказаць салідарнасць з усімі таварышамі, якія знаходзяцца ў турмах і зведваюць рэпрэсіі з боку беларускіх ўладаў.
Нагадаем, Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка ў сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання, але 26 лютага ён быў асуджаны да яшчэ аднаго году зняволення.