Магілёў: “недаабраахвотнае дармаедства” Аляксея Паўлоўскага
Некалькі тыдняў назад грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі звяртаўся да кіраўніцтва будаўнічага трэста №12 з просьбай працаўладкаваць яго ў іх будаўнічую арганізацыю, бо ён заклапочаны ўвядзеннем падатку на дармаедаў і не мае сродкаў на тое, каб аплочваць яго.
- Нягледзячы на тое, што я мог бы працаваць бясплатна, адміністрацыя трэста палічыла, што лепш са мной справаў не мець ніякіх. Гэта сведчыць у чарговы раз, што я з’яўляюся беспрацоўным па палітычных прыкметах. У сувязі з тым, што мне адказалі не на мове звароту, я ўжо падрыхтаваў скаргі ў Пракуратуру і адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва. Хачу, каб гэтыя арганізацыі абавязалі кіраўніцтва трэста не парушаць закон і паважаць грамадзян, - кажа Аляксей Паўлоўскі.
Паўлоўскі распавядае таксама пра кур’ёзны выпадак, які зафіксаваны ў пісьмовым адказе. – Кіраўніцтва трэста палічыла, што “муляр” – гэта маляр і адказала мне, што ім маляры не патрэбны. На самой жа справе на беларускай мове “муляр” па-руску азначае “каменшчык”. Яны не толькі законоў не ведаюць – у іх яшчэ і праблемы з разуменнем беларускай мовы, - кажа грамадскі актывіст.
Нагадаем, што Аляксей Паўлоўскі ўжо некалькі гадоў не можа знайсці сабе працу. Неаднаразова праз Магілёўскі гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва ён атрымліваў накіраванні на працаўладкаванне ў будаўнічыя арганізацыі горада, аднак як толькі да іх прыходзіў, яму казалі, што ў яго паслугах ім няма патрэбы. Не бяруць яго на працу праз актыўную грамадзянскую пазіцыю па адстойванні правоў працоўных і кантроль за адпавяданнем тэхніцы бяспекі на будоўлі. Паўлоўскі вядомы ў горадзе шматлікімі гучнымі судовымі справамі.