Алеся Міхалевіча затрымалі на памежжы і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, якую ён не падпісваў
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, сёння зранку адзін з былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч быў затрыманы на памежжы ў цягніку Вільня-Мінск.
«Мяне вязуць з Гудагая ў Ашмянскі РАУС, і там ужо будуць рашаць мой далейшы лёс», — паведаміў «Нашай Ніве» Алесь Міхалевіч у 10.59 праз тэлефон.
Гадзіну таму на сваёй старонцы ў Фэйсбуку грамадскі дзеяч напісаў:
Шмат разоў казаў, што я вярнуся, калі выпусцяць усіх палітвязняў. Іх выпусцілі, я вяртаюся. А. Міхалевіч
Прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка пракаментаваў затрыманне экс-кандыдата ў прэзідэнты:
«Ён затрыманы як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку, і будзе перададзены супрацоўнікам МУС».
Варта адзначыць, што у дачыненні да А. Міхалевіча не спыненая крымінальная справа па падзеях "Плошчы-2010", падчас якіх ён быў затрыманы. Па выхадзе з следчага ізалятара КДБ у сакавіку 2011 года Алесь Міхалевіч заявіў пра шматлікія факты здзекаў і катаванняў, з’ехаў ў Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак.
Доўгі час ён знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Аднак, у канцы ліпеня 2012 апазіцыйны палітык атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне аб тым, што ён выключаны з цэнтральнай базы дадзеных Інтэрпола як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку.
Калі Алесь Міхалевіч будзе ўзяты пад варту, Праваабарончы цэнтр “Вясна” будзе кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага, патрабаваць спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага яго вызвалення.
***
Як паведамляе Першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч у facebook, прыкладна ў 15 гадзін Алесь Міхалевіч быў вызвалены з Ашмянскага РАУС пад падпіску аб нявыездзе:
Атрымаць вызваленне пад падпіску аб нявыездзе, не падпicaўшы саму паперу - гэта мог зрабiць толькi Міхалевіч.