Суд не працягнуў нагляд Паўлу Вінаградаву
9 кастрычніка суд Бярэзінскага раёну адхіліў прадстаўленьне Бярэзінскага РАУС аб працягу прэвэнтыўнага нагляду над актывістам Паўлам Вінаградавым.
Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Бярэзінскага РАУС хацела працягнуць нагляд яшчэ на паўгода. Аднак пракурор сказаў, што ня бачыць прычын для працягу нагляду.
«Суд доўга думаў, гадзіны паўтары, і вынес пастанову. Суд адмовіўся працягваць мне нагляд. Таму нагляд, як гэта было вырашана раней, будзе ў мяне працягвацца да 24 кастрычніка. Я да гэтага тэрміну буду знаходзіцца ў Беразіне. Парушэньняў у мяне няма, працаўладкаваньне ёсьць. Ёсьць рэальная магчымасьць, што яго наагул здымуць пасьля 24 кастрычніка», — распавёў Павал Вінаградаў.
На пачатку лістапада мінулага году супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Менску прапанавалі Паўлу зьехаць на радзіму да бацькі. Да 25 кастрычніка Павал павінен знаходзіцца пад наглядам бярэзінскай міліцыі.
Паўла рэгулярна затрымлівалі перад кожнай больш-менш важнай падзеяй у Менску. З 2011 году ён правёў на Акрэсьціна больш за 200 сутак.
У 2011 годзе грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Пазьней Вінаградава вызвалілі з калёніі праз памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам, але неўзабаве паставілі пад прэвэнтыўны нагляд. Пасьля аднаго з апошніх арыштаў Паўлу Вінаградаву ў Маскоўскім РАУС адкрыта сказалі, што яму лепш зьехаць зь Менску, інакш «ягоныя арышты ня скончацца».