viasna on patreon

Следчы камітэт не знайшоў пацверджання фактам здзекаў міліцыі

2015 2015-10-10T10:48:28+0300 2015-10-10T10:48:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sk-magileu-adkaz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

СК не знайшоў складу злачынства ў дзеяннях магілёўскага АМАП, які абвінавачваўся ў пагрозах і прыніжэнні чалавечай годнасці.

Аляксандр Шаўцоў і Валянціна Шчэтнікавапрасілі распачаць крымінальную справу па артыкуле 424 Крымінальнага кодэкса РБ («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») пасля таго, як міліцыянты забралі бел-чырвона-белы сцяг і затрымалі Шаўцова на Віленскім рынку Магілёва падчас пікету ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч.

У сваёй скарзе Шаўцоў паведамляў, што супрацоўнікі міліцыі забралі яго ў пастарунак з-за таго, што ў яго не было з сабой дакументаў, якія б сцвярджалі асобу. Пры гэтым праваахоўнікі таксама канфіскавалі бел-чырвона-белы сцяг, які назвалі, па словах апазіцыянера, «забароненай сімволікай».

Як  распавядаў Аляксандр Шаўцоў, ў службовым аўтамабілі яго пачалі абражаць і пагражаць фізічнай расправай за яго прыналежнасць да БНФ. Таксама ў яго забралі мабільны тэлефон. У апорным пункце яго распранулі, абгарнулі ў канфіскаваны бел-чырвона-белы сцяг і сфатаграфавалі, прымушалі адціскацца. Па словах Шаўцова, з-за таго, што яго тэлефон не змаглі разблакаваць, супрацоўнікі АМАП дасталі карту памяці і пераставілі на сваю прыладу. Убачыўшы карыкатуры на прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, яны заявілі, што Шаўцоў «патрапіў і яму будзе цяпер ад Пуціна».

Усё скончылася пасля таго, як у апорны пункт прыехалі журналісты і кандыдат у прэзідэнты РБ Таццяна Караткевіч. Аляксандра Шаўцова адпусцілі, пасля чаго ён і напісаў скаргу на дзеянні міліцыянтаў.

У адказе ад 5 кастрычніка старэйшы следчы міжраённага аддзела Следчага камітэта маёр юстыцыі В. Рубанаў паведаміў, што па скарзе была праведзеная праверка, з якой вынікае, што 16 жніўня супрацоўнікі АМАП ППСМ УУС Магаблвыканкама Гаравы, Захаранка і Сяткін падчас правядзення пікету ў карысць Таццяны Караткевіч затрымалі Шаўцова з-за таго, што ў яго не аказалася дакументаў, якія падцвярджаюць асобу і сяброўства ў ініцыятыўнай групе кандыдата. Пасля таго, як у апорным пункце асоба была ўстаноўлена, Шаўцова адпусцілі. Такім чынам, Следчы камітэт не знайшоў прыкмет правапарушэння з боку супрацоўнікаў МУС і ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовіў.

“Магілёўская Вясна” 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства