Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства 10 кастрычніка 2015 года ў Менску
Высновы
Сход і дэманстрацыя 10 кастрычніка 2015 года ў Менску насіла мірны характар. Адсутнасць заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон, не з’яўляецца нагодай для абмежавання свабоды мірных сходаў.
Асноўнымі негатыўнымі з’явамі з’яўляецца адсутнасць абазначаных супрацоўнікаў міліцыі і немагчымасць бесперашкоднага руху калоны ўдзельнікаў. Таксама адзначаем нежаданне супрацоўнікаў міліцыі ісці на камунікацыю з назіральнікамі для каментавання мер па ахове грамадскага парадку падчас масавага мерапрыемства.
Станоўчым фактарам з’яўляецца спыненне практыкі складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях на ўдзельнікаў і арганізатараў мерапрыемства ў параўнанні з мінулымі акцыямі.
Метадалогія маніторынгу
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.
Папярэдняя інфармацыя
23 верасня 2015 года падчас папярэдняй сустрэчай з Мікалаем Статкевічам была агучаная дата наступнага сходу – 10 кастрычніка з 17:00 на плошчы Свабоды ў Мінску. Надалей праз інтэрв'ю ён агучыў прапанову акрамя сходу правесці “шэсце нацыянальнага сцягу” па цэнтры горада да плошчы Якуба Коласа.
ГУУС Мінгарвыканкама быў праінфармаваны пра прысутнасць беларускіх і замежных назіральнікаў падчас масавых мерапрыемстваў 10 і 11 кастрычніка 2015 года.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства 10 кастрычніка 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 20 назіральнікаў з бэйджамі назіральнікаў РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і сінімі камізэлькамі з надпісам “#controlBY”, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам. Таксама ў назіранні прымалі ўдзел 6 замежных назіральнікаў ў жоўтых камізэльках з надпісам “Наблюдатель” з пасведчаннямі міжнародных назіральнікаў.
Ход масавага мерапрыемства
- Каля 17 гадзін першыя ўдзельнікі акцыі перайшлі пад уваход Ратушы ўслед за Ўладзімірам Някляевым. Адбыліся кароткія выступы палітыкаў, Мікалай Статкевіч заклікаў ісці па ходніках у бок плошчы Якуба Коласа. А 17:13 калона рушыла да гатэля Еўропа, удзельнікі пераходзілі вуліцу Інтэрнацыянальную не на абазначаным пераходзе. Далей калона рушыла па вуліцы Леніна па ходніках, збочылі на праспект Незалежнасці. На перакрыжаваннях супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць натоўп на чырвоны колер святлафору, але частка ўдзельнікаў разам з арганізатарамі ігнаравала іх патрабаванне і пераходзіла дарогу на чырвоны колер ці ў адвольным месцы. Напрыканцы калоны назіральнікі адзначылі пераходы праз праезджую частку толькі па правілах дарожнага руху. Каля 18 гадзін пачатак калоны апынуўся на плошчы Якуба Коласа, дзе адбыліся непрацяглыя выступы. Але людзі не разыходзіліся яшчэ да 19 гадзін.
- Колькасць удзельнікаў дэманстрацыі складала ад 300 чалавек на пачатку мерапрыемства да 860 падчас шэсця праз мост каля парку Горкага.
- Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было каля 6 чалавек, у форме з надпісам “Міліцыя” – 0 чалавек, было зафіксавана каля 70 чалавек у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі), у тым ліку у калоне ўдзельнікаў са сцягамі. Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў цывільнай вопратцы без апазнавальных знакаў.
- У працы назіральнікаў мелі месца 3 інцыдэнты: 1) пры падрыхтоўцы да назірання некалькі разоў падыходзіў супрацоўнік у цывільнай вопратцы з пытаннем, хто яны, прадставіўся і паказаў пасведчанне супрацоўніка міліцыі па просьбе назіральнікаў, азнаёміўся з іх пасведчаннем назіральніка, агледзеў машыну, на якой яны прыехалі; 2) супрацоўнікі ДАІ хавалі ад назіральнікаў свае нагрудны і рэзка адштурхоўвалі камеру на пераходзе праз вуліцу Энгельса; 3) на плошчы Якуба Коласа супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама ў цывільнай вопратцы сцвярджалі, што яны не супрацоўнікі міліцыі і адмаўляліся камунікаваць з назіральнікамі. Таксама супрацоўнікі міліцыі ў цывільным цягам усяго назірання праяўлялі цікавасць да таго, што назіральнікі пішуць і кажуць: заглядвалі праз плячо, прыслухоўваліся да размоў.
- Арганізатары масавага мерапрыемства не былі абазначаныя, дружына адсутнічала.
- Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана (лозунг “Слава нацыі - смерць ворагам” не расцэньваем як гвалтоўны праз адсутнасць канкрэтызацыі “ворага” ў дадзеным кантэксце).
- Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: Транспарант з цытатай С.Алексіевіч «Я, вядома, хацела б, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краінаў. Альбо хаця б на тое, як выглядае Прыбалтыка”, плакат "Тыран, Беларусь разрывает контракт с тобой", расцяжка “Байкот 2015", плакаты “верните нам наши голоса” і “мы хотим жить”, “Лукашенко под трибунал”, "Лукашенка, цябе чакае майдан”..
- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцяг такі ж з Пагоняй, сцяг Маладога Фронту, Еўрапейскай Беларусі.
- Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Ўкраіне – героям слава”, “Слава націі - смерць ворогам", "Верым, можам, пераможам", "Радзіма, свабода – далой Луку-ўроду", “Незалежнасць”.
- Ход калоны часткова “разрывалі” на святлафорах і ўсіх пераходах супрацоўнікі ДАІ/ДПЧ, не спынялі рух транспартных сродкаў па патрабаванні арганізатараў, чым стваралі пагрозу жыццю і здароўю ўдзельнікаў акцыі.
- Назіральнікі не зафіксавалі машын хуткай дапамогі, але зафіксавалі 3 аўтобусы з АМАПам у дварах каля месца збору.
Рэкамендацыі
Арганізатарам:
1) Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
2) Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі).
3) Абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства.
4) Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
5) Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.