Незалежны журналіст, якога забіраюць у войска, адмаўляецца прымаць прысягу
Магілёўская абласная прызыўная камісія прызнала абмежавана прыдатным да службы ва Ўзброеных сілах Беларусі журналіста-фрылансэра Аляксандра Буракова.
Паводле позвы, выпісанай у абласным ваенкамаце, прызыўнік мусіць прыбыць на зборны пункт 26 траўня.
Камісія пастанавіла, што журналіст будзе служыць у транспартных войсках. Сам жа Буракоў рашэньне прызыўной камісіі зьбіраецца абскарджваць у судовым парадку. На пасяджэньні камісіі ён заявіў, што адмаўляецца прымаць прысягу праз свае палітычныя перакананьні.
Прызыўнік настойвае, што яго забіраюць у войска з парушэньнем належных працэдураў. Ён сьцьвярджае: лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную хваробу каленяў, якая раней была падставай для прызнаньня яго часова непрыдатным да службы ў войску.
Пра тое, што Аляксандар Буракоў прызнаны абмежавана прыдатным да службы ва Ўзброеных сілах, паведаміў старшыня абласной прызыўной камісіі, намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Малашка. Тым самым, паводле чыноўніка, абласная камісія пацьвердзіла рашэньне гарадзкой прызыўной камісіі.
Як сьцьвярджае Аляксандар Буракоў, лекары выявілі ў яго сындром дысплязіі злучальнай тканкі, другасны рэцыдывуючы сынавіт абодвух каленных суставаў. Прызыўнік цьвердзіць, што хвароба прагрэсуе.
Ваенкамат, як кажа Аляксандар Буракоў, не адмаўляе, што захворваньне ў яго ёсьць, але трактуе дыягназ па іншым артыкуле раскладу хваробаў. Зрэшты, наколькі вядома Буракову, пасяджэньня гарадзкой прызыўной камісіі, на якім яго прызналі прыдатным да войска, не праводзілася.
«Мы настойвалі, каб было скасаванае рашэньне гарадзкой прызыўной камісіі, бо яе не было. Нам заявілі, што правядуць праверку. Казалі, што гарадзкая камісія мелася быць і мяне меліся на яе запрасіць. Рашэньне гарадзкой камісіі, аднак, не было адмененае. Было заяўлена, што абласная камісія прыме сваё рашэньне», — кажа Аляксандар Буракоў.
Паводле прызыўніка, абласная камісія цікавілася, чаму ён ня хоча прымаць прысягу.
«Чамусьці вырашылі, што праз рэлігійныя меркаваньні я яе не хачу прымаць. Але я сказаў, што праз палітычныя. Камісія тады ня стала паглыбляцца ў высьвятленьне прычынаў», — кажа Аляксандар Буракоў.
«Паколькі я адмовіўся прымаць прысягу і мяне прызналі абмежавана прыдатным да службы, то пастанавілі адправіць мяне ў транспартныя войскі (Дэпартамэнт транспартнага забесьпячэньня), — працягвае прызыўнік. — Мяне ўжо адбіралі ў гэтыя войскі прыкладна два тыдні таму. Тады не дазволілі служыць у ракетных войсках праз маю адмову прысягаць. Пасьля гутаркі з псыхолягам не захацелі браць і ў транспартныя войскі. А цяпер чамусьці вырашылі, што ў транспартных я і без прысягі прыдамся».
На пасяджэньне дапусьцілі прадстаўніка Аляксандра Буракова — магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля. Паводле яго, пасяджэньне праходзіла без парушэньняў. Аднак, як заўважае актывіст, забарона рабіць аўдыёзапіс на пасяджэньні не дазваляе грунтоўна разабрацца ў сытуацыі. Ён дадае, што на камісіі казалі пра ўнікальнасьць выпадку з прызыўніком Бураковым: «Такіх сытуацыяў у ваенкамаце не было, казалі чальцы камісіі».
На абскарджаньне рашэньня абласной камісіі Буракову далі дзесяць сутак. Паводле ягонага прадстаўніка, канкрэтныя тэрміны абскарджваньня пастаноў прызыўных камісіяў у заканадаўстве не прапісаныя.
Аляксандру Буракову 24 гады. Ён піша на праваабарончыя тэмы, быў рэдактарам онлайн-часопіса «Moloko». Скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, выпускнік магістратуры гістарычнага факультэту.
Журналіст-фрылансэр заяўляе, што ім цікавяцца супрацоўнікі КДБ.