“Справу Лапіцкага” адправілі на дадатковы разгляд
3 чэрвеня Мінскі гарадскі суд разглядаў скаргу на прысуд Фрунзенскага суда Мінска, які прызнаў 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады і накіраваў яго на прымусовае лячэнне. Стала вядома, што справа накіравана на дадатковы разгляд.
Нагадаем, што ў 2011 годзе пенсіянер Аляксандр Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай, у якой патрабаваў спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.
“На калегіі па крымінальных справах выступілі пракурор і бок абароны Аляксандра Лапіцкага, – паведаміў праваабаронца Алег Волчак. – Пракурор выказаўся наконт таго, што пастанова прынята з парушэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, а таму папрасіў накіраваць справу на дадатковы разгляд. Абарона Лапіцкага таксама распавяла пра ўсе тыя парушэнні, што былі дапушчаны, і запатрабавала, каб справу наогул закрылі, бо падчас новага разгляду немагчыма выправіць тыя памылкі, што былі дапушчаны падчас папярэдняга раследвання”.
Тым не менш, справу вырашылі не закрываць, а адправіць на дадатковы разгляд,
“Хаця гэта і не зусім тое, на што разлічвалі, але таксама вынік працы грамадскасці, бо пенсіянера ўжо зараз маглі адправіць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку “Навінкі”, – дадае Алег Волчак. – Думаю, не апошнюю ролю згуляў і той фактар, што праваабаронцы актыўна ўступіліся за Аляксандра Лапіцкага, якога пры горшым раскладзе ў справе маглі прызнаць палітввязнем. Зараз беларускай уладзе, натуральна, новыя палітзняволеныя непатрэбны”.
Са слоў Волчака, цяпер будзе праводзіцца следства, а справу праз нейкі час ізноў разгледзіць Фрунзенскі суд сталіцы. Якім будзе новае судовае рашэнне – пакажа час.