viasna on patreon

Уладзіміра Кондруся асудзілі да 1,5 года абмежавання волі і прымусовага лячэння Дапоўнена

2016 2016-12-26T11:01:18+0300 2016-12-26T17:09:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kondrus-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота "Нашай Нівы".

Фота "Нашай Нівы".

26 снежня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць удзельніка Плошчы-2010 Уладзіміра Кондруся. Справу разглядае суддзя - Святлана Бандарэнка.

Да пачатку працэса ў залю паседжання прынеслі рэчавыя доказы, у тым ліку кавалак вадасцёчнай трубы, якой, відаць, былі разбітыя вокны.

Самага Уладзіміра Кондруся даставілі ў будынак суда, але ён адмовіўся ісці ў залю. Разгляд справы пачаўся без яго, а суддзя пастанавіла выдаліць падсуднага на ўвесь час судовага паседжання. Акрамя гэтага Святлана Бандарэнка забараніла весці фота- і відэаздымку працэса.

Паводле абвінавачвання, Уладзімір Кондрусь вінаваты ў тым, што намагаўся пранікнуць у Дом урада, біў шкло пачкам паперы, потым вадасцёчнай трубой, біў па шчытах міліцыі, вырываў іх, нанес каля двух удараў неўстаноўленнаму супрацоўніку міліцыі, дзейнічаў разам з натоўпам, які бясчынстваваў.

Уладзімір Кондрусь на папярэднім следстве адмовіўся ад дачы паказанняў.

Допыт сведкаў у судзе пачаўся з бацькі падсуднага, які адмовіўся ад дачы паказанняў супраць роднага сына. Наступнай была выклікана маці Уладзіміра Кондруся, якая таксама не стала сведчыць.

Сведкаў больш няма. Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

З матэрыялаў справы вынікае, што шкода ад злачынства была пагашанай яшчэ ў 2011 годзе, а па выніках экспертызы на трубе знойдзеныя сляды рук, якія не прыгодныя для вывучэння. Акрамя таго ў матэрыялах утрымліваюцца ўсе прысуды па падзеях 19 снежня. 26 траўня 2016 года ў ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў КДБ было ўстаноўлена, што Уладзімір Кондрусь з'яўляецца ўдзельнікам падзей Плошчы-2010. Гэта вынікае і з вывучаных старонак фэйсбуку, карыстальнікам якіх быў Уладзімір Кондрусь, а таксама з фотаздымкаў і відэа, што захоўваліся на камп'ютары, смс-паведамленняў.

Па выніках псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы стала вядома, што Уладзімір Кондрусь пакутуе і пакутваў у перыяд здзяйснення інкрымінуемых дзеянняў на расстройства асобы паранаідальнага тыпу, быў прызнаны абмежаваным у свядомасці.

Па выніках іншай экспертызы, прызначанай судом, Уладзімір Кондрусь пакутуе на расстройства асобы шызоідна-паранаідальнага тыпу, аднак яго дзеянні на першым судовым паседжанні, а таксама галадоўка - усвядомленыя. У медыцынскай дапамозе на дадзены момант не мае патрэбы. Аднак, у момант здзяйснення злачынства не мог у поўнай ступені ўсведамляць свае дзеянні. У выпадку прызнання судом абмежаваным у свядомасці - мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе па месцы свайго знаходжання.

Суд перайшоў да агляду рэчавых доказаў: па месцы жыхарства былі вынятыя пяць вязаных чорных шапак і куртка, мабільны тэлефон, дыскі з відэафайламі, кавалак вадасцёчнай трубы. Відэа было вырашана не глядзець, бо пракурор падрабязна апісала дзеянні, якія былі на відэафайлах, і вынікі экспертызы, якая прызнала, што на відэа адна і тая ж асоба - Уладзімір Кондрусь. На гэтым судовае следства скончана.

Выступае пракурор, які сцвярджае, што віна цалкам даказаная, у тым ліку ранейшымі прысудамі, ўступіўшымі ў законную сілу, якія ўстанавілі факт масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці ў 2010 годзе. Уладзімір Кондрусь прыняў у гэтых масавых беспарадках актыўны ўдзел і ўсведамляў характар сваіх дзеянняў. Пракурор просіць выключыць з абвінавачвання ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі, прыняць як змякчальныя абставіны - стан здароўя, прызнаць абмежаваным у свядомасці адносна здзейсненнага. Улічваючы той факт, што прайшло шэсць год, пракурор прапанавала суду прымяніць арт. 70 Крымінальнага кодэксу ("Прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за дадзенае злачынства") і запрасіла пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з абавязковым амбулаторным лячэннем па месцы знаходжання, залічыць утрыманне пад вартай - дзень за два, і вызваліць з-пад варты ў залі суда.

Адвакат не згодны з кваліфікацыяй дзеянняў Уладзіміра Кондруся як масавых беспарадкаў, кажа, што ўвогуле не згодны, што 19 снежня такія беспарадкі былі ў прынцыпе. Лічыць, што былі групавыя дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак, і просіць Уладзіміра Кондруся апраўдаць.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які знаходзіўся ў залі суда, адзначае:

"Гэты судовы працэс яшчэ раз падкрэсліў тое, што прадстаўнікі праваабарончай супольнасці пры ацэнцы падзеяў 19 снежня мелі абсалютную рацыю: падзеі нельга было кваліфікаваць як масавыя беспарадкі, бо яны не суправаджаліся ні пагромамі, ні падпаламі, ні ўзброенным супрацівам супрацоўнікам міліцыі, і здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў адносна невялікай групай дэманстрантаў не давалі ніякіх падставаў для разгона ўсёй дэманстрацыі, прымянення гвалту і арыштаў да удзельнікаў, і тым больш не магло быць апраўданнем для далейшай эскалацыі рэпрэсій у краіне, якія закранулі шырокае кола грамадскасці, ў тым ліку праваабаронцаў і журналістаў.

Мы спадзяемся, што Уладзіміру Кондрусю не будзе вынесены прысуд, звязаны з пазбаўленнем ці абмежаваннем волі, бо відавочна ўлады не жадаюць ускладняць сітуацыю і мець яшчэ аднага палітычнага зняволенага, асуджанага па падзеях, па якіх была адназначна выказанная пазіцыя і міжнароднай супольнасцю ў тым ліку. І менавіта тых падзей, якія сталі прычынай увядзення палітычных санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусі".

Суд прызнаў Уладзіміра Кондруся абмежаваным у свядомасці і ўлічыў гэта пры прызначэнні пакарання як змякчальныя абставіны, палічыў віну цалкам даказанай, аднак прымяніў палажэнне арт. 70 КК і вынес прысуд - 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з прымусовым амбулаторным лячэннем па месцы знаходжання. У вырак улічыць тэрмін утрымання пад вартай, а таксама зняць арышт з маёмасці падсуднага, бо шкода ад злачынства была пагашаная. Таксама суд пастанавіў змяніць меру утрымання і неадкладна вызваліць Уладзіміра Кондруся з-пад варты.

kondrus_sud.jpg
Вызваленне з-пад варты Уладзіміра Кондруся ў судзе

Нагадаем, судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Уладзімір Кондрусь быў затрыманы 14 чэрвеня гэтага году ў межах папярэдняга расследвання. Пасля ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска, дзе трымаў галадоўку.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства