viasna on patreon

Як стаць бяздомнікам у сацыяльна арыентаванай дзяржаве?

2018 2018-03-06T09:28:40+0300 2018-10-04T11:02:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tubik-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Хворы на сухоты. Фота: "Ганцавіцкі час".

Хворы на сухоты. Фота: "Ганцавіцкі час".

У жыхара Ваўкавыскага раёна Аляксандра Саўко апошнім часам склалася крытычная жыццёвая сітуацыя. Змешчаны на прымусовае лячэнне ад сухотаў, ён не змог працаваць і аплочваць паслугі ЖКХ за кватэру, у сувязі з чым суд пазбавіў яго жылля без прадстаўлення іншага жылога памяшкання. У той жа час абскардзіць гэтае судовае рашэнне, як і прымусовае накіраванне на лячэнне, ён не можа, паколькі ізноў жа не мае сродкаў на аплату дзяржмыта за падачу скаргі.

Хворага на сухоты адпускаць у горад можна, а на суд - не

Напачатку 2017 года ў Саўко з’явілася першая праблема: захворванне на сухоты.

“5 чэрвеня 2017 года, – піша ў лісце да праваабаронцаў Саўко, – мяне спрабавалі змясціць у Ваўкавыскі тубдыспансер, але дыспансер мяне не прыняў, не было для гэтага пільнай нагоды. Тады праз дзень мяне адвезлі ў Гародню, у абласны цэнтр фтызіятрыі, дзе без дакументаў і дыягназу адразу паклалі ў ізалятар, спаслаўшыся, што ў мяне адкрытая форма сухотаў. Праз 10 дзён высветлілася, што адкрытай формы няма, аднак рэжым застаўся”. 

На судзе 26 кастрычніка 2017 года, дзе разглядалася пытанне аб прымусовым лячэнні Аляксандра Саўко, медыкі сцвярджалі, што з 7 чэрвеня ён знаходзіўся ў Другім фтызіятрычным аддзяленні Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Фтызіятрыя” з дыягназам “актыўны туберкулёз лёгкіх”.  Пад час знаходжання на лячэнні былі зафіксаваныя факты парушэння хворым правілаў унутранага распарадку, а менавіта: адсутнічаў у стацыянары, знаходзіўся некалькі разоў у стане алкагольнага ап’янення. 

Саўко сцвярджае, што гэтыя парушэнні былі сфабрыкаваныя, каб накіраваць яго на прымусовае лячэнне ў абласную туберкулёзную бальніцу “Баяры”.

За дзень да гэтага суда Саўко прынеслі позву. Ён звярнуўся да загадчыцы фтызіятрычнага аддзялення па дазвол пакінуць стацыянар, каб патрапіць на суд. Загадчыца адказала, што ён з’яўляецца грамадска небяспечным хворым і таму на судзе яму прысутнічаць нельга.  І дадала, што перажываць яму не варта, паколькі ў суд будзе накіраваны юрыст, які ва ўсім разбярэцца.

Разгледзеўшы ў судовым паседжанні грамадзянскую справу па заяве Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні Аляксандра Саўко, суд Ленінскага раёна Гродна устанавіў, што факты ўхілення ад лячэння і правілаў унутранага распарадку з боку Саўко даказаныя адпаведнымі актамі і таму вырашыў накіраваць яго ў прымусовым парадку ў туберкулёзны шпіталь “Баяры”, а судовыя выдаткі у памеры 46 рублёў спагнаць з адказчыка.

“Пасля вынясення рашэння я напісаў касацыйную скаргу і вырашыў даставіць яе ў суд асабіста (не было грошай на канверт з маркамі). Узяў у загадчыцы аддзялення Святланы Санько пропуск для выхаду ў горад па асабістых патрэбах і адвёз скаргу ў суд Ленінскага раёна. Мяне і раней неаднойчы выпускалі з закрытага аддзялення ў горад па пропуску. Тады як зразумець, што ў судзе мне прысутнічаць забаронена? Калі я небяспечна хворы – дык мяне наўмысна адпускалі ў горад. Альбо яна ўвяла ў зман суд аб маім дыягназе?” – не хавае свайго недаўмення ў лісце Саўко.

Аляксандр Саўко падаў касацыйную скаргу. Аднак 4 лістапада 2017 года суддзя Леніскага раёна Гродна Наталля Карых прымае вызначэнне, згодна якога касацыйная скарга Саўко пакінутая без разгляду па прычыне неаплаты дзяржмыта.  Яму прадставілі 5 дзён для выпраўлення недахопу і аплаты сумы ў памеры 23 рублі. Толькі дзе ўзяць гэтыя грошы адзінокаму беспрацоўнаму?

Туберкулёзная лякарня ў Багушэўску. Фота: ПЦ
Туберкулёзная лякарня ў Багушэўску. Фота: ПЦ "Вясна".

 На зварот ва ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама 1 снежня Саўко атрымаў адказ, што заканадаўства пры прыняцці рашэння не парушана. Пісаў ён і ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднак ягоны ліст перанакіравалі ў той жа самы абласны клінічны цэнтр “Фтызіятрыя”, які адказаў, што для звароту ў суд меліся сур’ёзныя падставы: былі шматлікія парушэнні бальнічнага рэжыму, акты аб адсутнасці хворага на месцы лячэння, а таксама акты аб знаходжанні у стане алкагольнага ап’янення.  Пры гэтым адсутнічаюць пазнакі аб выдачы пропускаў у горад на выходныя дні.

Суд: “Выселіць з кватэры без прадастаўлення іншага жылога памяшкання”

Падзеі развіваліся імкліва. Паколькі Аляксандр Саўко не змог аспрэчыць судовае рашэнне аб накіраванні яго на прымусовае лячэнне ад сухотаў, узніклі праблемы з аплатай камунальных плацяжоў.

27 снежня 2017 года суд Ваўкавыскага раёна разглядзеў пазоў прадпрыемства “ Ваўкавыская камунальная гаспадарка” да Аляксандра Саўко аб высяленні яго без прадстаўлення іншага жылога памяшкання.

“Адказчык не выконвае абавязкі па аплаце за карыстанне жылым памяшканнем камерцыйнага выкарыстання і за паслугі ЖКХ, пры гэтым мае запазычанасць больш за два месяцы”, - сцвярджаў у судзе прадстаўнік пазоўніка.

 На судзе было адзначана, што Саўко на дадзены момант праходзіць лячэнне ў прымусовым парадку на падставе судовага рашэння ў Туберкулёзнай бальніцы “Баяры” і па стане здароўя не можа прысутнічаць у судовым паседжанні. Але будучы дапытаны ў парадку асобнага судовага даручэння зыск не прызнаў, патлумачыўшы, што беспрацоўны і не мае сродкаў для аплаты.

“Паколькі я фізічна не змог аплочваць камуналку, суд Ваўкавыскага раёна вынес пастанову аб прымусовым высяленні мяне з кватэры за няспалату. Я напісаў заяву ў суд з просьбай не разглядаць справу без маёй прысутнасці, аднак суд праігнараваў зварот. Тады я паспрабаваў абскардзіць рашэнне у судовым парадку. Скаргу ніхто не разглядаў, паколькі трэба плаціць пошліну. Суд вымагае грошы, якіх я не маю, паколькі лячуся прымусова і зарабіць не магу, у мяне нават пашпарта няма”, -- тлумачыць Саўко.

Суд Ваўкавыскага раёна прыняў рашэнне выселіць Саўко з займаемай кватэры у вёсцы Тэалін Ваўкавыскага раёна і спагнаць с яго судовыя выдаткі ў памеры 69 рублёў.

Пры гэтым, чалавек, па сутнасці, канчаткова страціў жыллё ў сітуацыі, калі яго пакінулі без магчымасці паўплываць на судовыя пастановы, як у выпадку з абскарджваннем рашэння аб прымусовым лячэнні, так і ў сітуацыі з ягоным высяленнем, фактычна пазбавіўшы права на абарону.


Абласная туберкулёзная лякарня

Абласны туберкулёзны шпіталь "Баяры" - закрытая медыцынская ўстанова, была створаная дзесятак гадоў таму на базе псіхіятрычнай лякарні У шпіталі - закрыты рэжым: кантакты са знешнім светам строга абмежаваныя. Сустракацца з роднымі, пісаць лісты сваякам і перадаваць ім вопратку ці іншыя прадметы з-за небяспекі заражэння палачкай Коха забаронена.

Больш пра закрытыя медыцынскія ўстановы – у адмысловым даследванні ПЦ “Вясна”. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства