viasna on patreon

Віцяблян пад канвоем і ў кайданках адвезлі на псіхіятрычную экспертызу

2018 2018-09-28T12:21:08+0300 2018-09-28T12:21:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/0ea0e8797ce553e1f2fef81bff857868_m.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў.

Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў.

 

Віцебскага доктара Ігара Пастнова разам з Рафаэлем Кірылавым-Шмільхольдхардам гвалтам адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках – пад канвоем і ў кайданках. Як распавялі "Віцебскай Вясне" сведкі здарэння, іх забралі ранкам 27 верасня з будынку УСК па Віцебскай вобласці, куды напярэдадні выклікалі позвай.

У жніўні 2018 года УСК па Віцебскай вобласці распачаў у дачыненні Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда крымінальную справу паводле ч.2  арт. 188 КК РБ (Паклёп). Віцяблян падазраюць у паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. Абвінавачанне пакуль не прад’яўленае.

“Надзелі кайданкі, збілі з ног – і ў машыну”

26 верасня яны атрымалі позву з патрабаваннем з'явіцца а 7-й раніцы ў Следчы камітэт “для  правядзення следчых ды іншых працэсуальных дзеянняў”. Разам з падазраванымі на сустрэчу ў СК пайшла іх сяброўка Святлана Каханоўская. Яна і стала сведкам затрымання.

Паводле яе слоў, да 9-й раніцы нічога наогул не адбывалася, ніякія следчыя дзеянні не праводзіліся. Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард напісалі скаргу, пазванілі ў Галоўнае ўпраўленьне СК у Менску і службу ўласнай бяспекі.

“Недзе а 9-й гадзіне прыехаў канвой. На Кірылава і Пастнова надзелі кайданкі, збілі іх з ног і волакам пацягнулі ў канвойную машыну. Пастнову зрабілася кепска, ён пачырванеў, стаў задыхацца і цалкам магчыма, што страціў прытомнасць. Зацягнулі ў машыну, зачынілі дзверы і паехалі ў Менск”, – расказала Святлана.

Кажа, што на патрабаванне выклікаць урача, пачула такі адказ: “Ніякага вам урача ня будзе, зараз яго ў псіхушку пакладуць, там яго і вылечаць”.

Тэлефонная сувязь з віцяблянамі адразу ж была перарваная.

У правядзеньні экспэртызы адмовілі

Пасля абеду Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард патэлефанаваў з Менску знаёмай Надзеі Куканос і паведаміў, што іх адпусцілі.

“Ён расказаў, што экспертызу ў Навінках праводзіць адмовіліся. Дактары патлумачылі следчай Руткоўскай, што прымусовая дастаўка выключае правядзенне якой-кольвечы экспертызы. Следчая пачала крычаць на дактароў, і яе выгналі з кабінету. Тая села ў машыну і з'ехала, кінуўшы ў Менску без грошай Пастнова і Кірылава-Шмільхольдхарда”, – расказала Куканос.   

Паводле яе слоў, следчая Руткоўская разам з канвоем вярнулася толькі пасля таго, як віцябляне патэлефанавалі ў службу ўласнай бяспекі СК РБ. Але ў машыну забралі толькі Рафаэля. Паабяцалі, што за Пастновым прыедзе іншая. Ігар Пастноў сапраўды вярнуўся на іншым аўтамабілі і прыблізна а 18-й гадзіне быў у Віцебску. А вось тэлефонная сувязь з Кірылавым-Шмільхольдхардам была страчаная, хоць той выехаў раней. Ніякіх звестак пра тое, што ён вярнуўся з прымусовай паездкі на псіхіятрычную экспертызу пакуль няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства