Кіраўнік прафсаюза РЭП: «Працуем у штатным рэжыме» Відэа
Нягледзячы на тое, што лідары незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік месяц таму, 3 верасня, падалі апеляцыйныя скаргі ў Мінгарсуд на прысуд, дата іх разгляду яшчэ не прызначаная. Гэта звязана з тым, што кіраўнікі прафсаюза разам з адвакатамі робяць заўвагі на пратакол судовага пасяджэння.
Нагадаем, 24 верасня суд Савецкага раёну прызнаў прафсаюзных лідараў вінаватымі па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).
"Па пратаколе ў адвакатаў не так шмат заўваг, бо паседжэнні запісвалі на аўдыё. Ёсць нейкія невялікія недакладнасці, але яны нязначныя", - распавёў Генадзь Фядыніч сайту palitviazni.info.
Нягледзячы на "падвешаны стан" прафсаюза РЭП, кіраўнік прафсаюза Генадзь Фядыніч паведамляе: «Працуем у штатным рэжыме».
І сапраўды незалежны прафсаюз працягвае аказваць юрыдычную дапамогу людзям, якія да іх звяртаюцца. За апошні месяц пасля суда ў прафсаюз звярнуліся дзесяткі людзей. Напрыклад, прававыя інспектары прафсаюза дапамаглі ў судзе Рэчыцкага раёна вызваліць сірату ад выплаты больш за 2 000 даляраў за няяўку па размеркаванні. А ў Гомельскім абласным судзе прафсаюз РЭП дапамог прарабу знізіць памер шкоды напалову.
У верасні прафсаюзнікі шмат дапамаглі актывістам абскарджваць парушаныя ўладай правы ў Камітэт па правах чалавека ААН. Напрыклад, пару дзён таму яны дапамаглі актывістцы з Калінкавічаў Тамары Зайцавай, як і іншым актывістам, падрыхтаваць скаргу на буйны штраф за акцыю салідарнасці ў падтрымку незалежнага прафсаюзу каля Дома правасуддзя.
Юрысты прафсаюзу працягваюць даваць кансультацыі па працоўным правам. Нядаўна прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка патлумачыў, што трэба рабіць, калі начальнік адпраўляе працаўнікоў на ўборку ўраджаю, спасылаючыся на распараджэнне выканкама. І як атрымаць кампенсацыю пасля пашкоджання на працы.
Лідар прафсаюза Генадзь Фядыніч праводзіць сустрэчы з рэгіянальнымі аддзяленнямі. Пры прафсаюзе РЭП актыўна функцыянуе жаночы клуб, на базе якога з 1 кастрычніка пачаліся курсы ангельскай мовы.
Увогуле за час следства і суда сябрамі РЭП сталі каля 600 чалавек.
«Вясна» завітала ў прафсаюзны офіс, каб распытаць лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пра гісторыю стварэння прафсаюза і асаблівасці іх працы. Як адбываўся суд над кіраўнікамі прафсаюза? Каму дапамагае прафсаюз? Глядзіце ў нашым фільме.